• Новости

Тэматычная выстава “Асоба. Творчасць. Жыццё”

07.06.2022

Нотна-навуковая бібліятэка прапануе тэматычную выставу “Асоба. Творчасць. Жыццё”: да 100-годдзя з дня нараджэння беларускага кампазітара Генрыха Вагнера (1922-2000).

Генрых Матусавіч Вагнер — член СК Беларусі (1949), заслужаны дзеяч мастацтваў (1963), лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1976), прафесар (1988), народны артыст БССР (1988).

Г. М. Вагнер нарадзіўся і вырас у Польшчы 2 ліпеня 1922 года. У 1936 годзе ён стаў студэнтам Варшаўскай кансерваторыі. У Мінск Вагнер прыехаў з Варшавы ў 1939 годзе пасля акупацыі Польшчы немцамі. У Мінску ён завяршыў вучобу па класе фартэпіяна Р. І. Шаршэўскага (1948) і па класе кампазіцыі прафесара А. В. Багатырова (1954).

Багатае, поўнае драматызму і лірыкі жыццё Генрыха Вагнера знайшло сваё адлюстраванне ў яркіх, самабытных музычных творах: ён аўтар балетаў «Падстаўная нявеста», «Святло і цені», «Пасля балю», оперы «Сцежкай жыцця», тэлеоперы «Ранак», чатырох сімфоній, вакальна-сімфанічных паэм «Вечна жывая», «Героям Брэста».

Жанр інструментальнага канцэрта займае адно з вядучых месцаў у творчасці Г. Вагнера. Ім напісана дзевяць канцэртаў для фартэпіяна, скрыпкі, віяланчэлі, 2-х фартэпіяна, кларнета, цымбал з аркестрам. У творчай спадчыне кампазітара таксама рамансы, песні, інструментальныя творы, музыка да тэатральных спектакляў і кіно.

На працягу многіх гадоў Генрых Матусавіч Вагнер займаўся педагагічнай работай, з’яўляўся прафесарам кафедры музыкі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта. У Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі працаваў з перапынкамі ў 1939-1953 гадах.

За вялікі асабісты ўклад у развіццё музычнага мастацтва Генрых Вагнер быў узнагароджаны Ордэнам Дружбы народаў і медалём Францыска Скарыны (1998).  Імя таленавітага кампазітара назаўсёды ўвайшло ў летапісы музычнай культуры Беларусі.

На выставе прадстаўлены навуковыя артыкулы і даследчыя нарысы аб жыццёвым і творчым шляху Г. М. Вагнера, навучальныя дапаможнікі па гісторыі беларускай музыкі, даведачныя выданні, ноты, вінілавыя пласцінкі, CD-дыскі і фатаздымкі.

Экспазіцыя размяшчаецца ў навучальным корпусе № 1 (вул. Інтэрнацыянальная, 30) у кабінеце № 140 з 6 чэрвеня па 28 жніўня 2022 г.