• Новости

Нотно-научная библиотека предлагает тематическую выставку «Юбиляры Академии»

20.10.2021

Нотна-навуковая бібліятэка прапануе тэматычную выставу «Юбіляры Акадэміі», прымеркаваную да юбілейных датаў выдатных дзеячаў беларускага музычнага мастацтва, навукі і педагогікі: Маісеенка Мікалая Сяргеевіча, Валадковіч Алы Уладзіміраўны, Гладкова Яўгена Пятровіча. Таленавітыя, адданыя сваёй справе, яны прысвяцілі жыццё музыцы. Не адзін дзясятак гадоў яны плённа працуюць у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, з вялікай адказнасцю выхоўваюць у студэнтаў прафесіяналізм, працавітасць, адданасць і любоў да абранай прафесіі.

Маісеенка Мікалай Сяргеевіч­ ‑ вакаліст (барытон), педагог, заслужаны артыст Расіі. Яго выразны драматычны барытон і шчырая акцёрская ігра шмат гадоў радавалі гледачоў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь. На сцэне тэатра артыст выканаў вядучыя барытонавыя партыі. Ён стварыў выразныя і запамінальныя вобразы ў операх «Аіда», «Рыгалета», «Баль-маскарад», «Травіята» Дж. Вердзі. Ярка раскрыўся талент артыста у вакальных партыях князя Ігара, Гразнова, Анегіна, Томскага. Мікалай Сяргеевіч выканаў барытонавыя партыі ў операх беларускіх кампазітараў: «Князь Наваградскі» А. Бандарэнкі, «Візіт дамы» С. Картэса, «Новая зямля» і «Зорка Венера» Ю. Семянякі. Мікалай Сяргеевіч выступаў на сцэнах Марыінскага тэатра ў Санкт-Пецярбургу, Украінскай Нацыянальнай оперы, Навасібірску, Алма-Аты, Ерэване, Казані, Варонежы. Супрацоўнічаў з маскоўскім тэатрам «Новая опера», на сцэне якога выканаў знакамітую партыю Барыса Гадунова ў аднайменнай оперы. Быў запрошаны для ўдзелу ў спектаклях маскоўскага тэатра «Гелікон-опера», неаднаразова выступаў на фестывалях вакальнай музыкі ў Казані, Уфе і Саратаве. З 2009 года выкладае ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, перадае свой вопыт маладому пакаленню. Сярод выпускнікоў Мікалая Сяргеевіча – 11 лаўрэатаў і дыпламантаў міжнародных конкурсаў. Яго вучні працягваюць справу свайго настаўніка – выступаюць на сцэнах Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь і Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра.

Валадковіч Ала Уладзіміраўна – музыказнаўца, старшы выкладчык кафедры гісторыі музыкі і музычнай беларусістыкі. Выпускніца Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, клас Л. С. Мухарынскай, пазней скончыла аспірантуру пад яе кіраўніцтвам. На працягу сваёй педагагічнай дзейнасці Ала Уладзіміраўна выкладала розныя дысцыпліны: «Народная музычная творчасць», «Савецкая музыка», «Методыка выкладання музычна-гістарычных дысцыплін», кіравала педагагічнай, лектарскай, архіўна-бібліяграфічнай і рэдактарскай практыкамі. Ала Уладзіміраўна – аўтар артыкулаў ў навуковых зборніках, энцыклапедыях, газеце «Літаратура і мастацтва», анатацый да філарманічных канцэртаў, лекцый да выступленняў Камернага аркестра Белдзяржфілармоніі, праграмы дысцыпліне «Методыка выкладання музычнай літаратуры ў музычным вучылішчы», стала адным з аўтараў навучальных дапаможнікаў «Беларуская музыка 1960-1980 гадоў», «Беларуская музыка другой паловы ХХ стагоддзя», праграм па вучэбным курсам «Гісторыя замежнай музыкі», «Гісторыя музыкі», «Падегагічная практыка». Шмат гадоў Ала Уладзіміраўна выкладае курс «Гісторыя замежнай музыкі», дзе знаёміць студэнтаў з арыгінальнай, складанай і напоўненай разнастайнымі сэнсамі музыкай дваццатага стагоддзя.

Гладкоў Яўген Пятровіч — цымбаліст, народны артыст Рэспублікі Беларусь, дацэнт, прафесар. Выпускнік класа І. Жыновіча, Яўген Пятровіч прадоўжыў справу свайго настаўніка, унёс істотны ўклад у захаванне і развіццё школы ігры на беларускіх цымбалах. Дзейнасць Яўгена Пятровіча сапраўды шматгранная: таленавіты педагог, грамадскі дзеяч, арганізатар, метадыст, аўтар падручнікаў і метадычных дапаможнікаў, праграм па класе цымбалаў для ўсіх ступеняў музычнай адукацыі, аўтар навуковых артыкулаў па пытаннях цымбальнага выканальніцтва і педагогікі, укладальнік і рэдактар рэпертуарных зборнікаў п’ес для цымбалаў, заснавальнік рэспубліканскага фестывалю «Сярэбраны звон цымбалаў», старшыня і член журы рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў і фестываляў, арганізатар Асацыяцыі беларускіх цымбалістаў, заснавальнік і нязменны кіраўнік ансамбля «Лілея».

Яўген Пятровіч — выдатны выканаўца на беларускіх цымбалах. Яго майстэрства было не аднойчы прызнана ў Беларусі і за мяжой. Лаўрэат рэспубліканскіх конкурсаў, удзельнік прэстыжных фестываляў, ён аб’ездзіў з гастролямі паўсвету, пабываўшы ў краінах Еўропы, Азіі, Афрыкі. Сваёй ігрой натхняў кампазітараў пісаць музыку для беларускіх цымбалаў, а потым станавіўся першым выканаўцам новых твораў. Яму прысвечаны творы для цымбалаў беларускіх кампазітараў Д. Смольскага, К. Цесакова, В. Кузняцова, М. Сіраты.

Гладкоў Я. П. выхаваў плеяду высокапрафесійных выканаўцаў на беларускіх цымбалах. Дасягненні Яўгена Пятровіча былі адзначаны дзяржавай: у 1980 г. ён атрымаў званне заслужанага артыста БССР, у 1999 г. быў прызнаны народным артыстам Беларусі, неаднаразова быў узнагароджаны граматамі Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР і спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва, стаў пераможцам рэспубліканскага конкурсу «Чалавек года – 2016».

Калектыў Нотна-навуковай бібліятэкі шчыра віншуе шаноўных юбіляраў і жадае моцнага здароўя, аптымізму, натхнення, поспехаў у навуковай, творчай і педагагічнай дзейнасці!

Выстава размяшчаецца ў каб. 140 навучальнага корпуса № 1 (вул. Інтэрнацыянальная, 30) з 20 кастрычніка па 20 лістапада 2021 г.

Фотогалерея «Юбиляры Академии»