• Новости

Благотворительный концерт Студенческого хора под управлением Инессы Бодяко «Святы вэлюм»

25.04.2022

19 апреля 2022 г. в рамках фестиваля «Залатагорская ліра» в костеле Найсвятейшей Троицы (святого Роха) состоялся благотворительный концерт Студенческого хора под управлением Инессы Бодяко «Святы вэлюм».

“Святы вэлюм”: сустрэча з вечным

 19 красавіка ў Мінскім касцёле найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) адбыўся не зусім звычайны канцэрт. Усіх, хто ўвечары сабраўся пад дахам невялікай, але вельмі ўтульнай залы, аб’яднала дабрачынная ідэя – сабраць сродкі на рэабілітацыю падчас цяжкай хваробы вядомаму беларускаму музыказнаўцы, доктару мастацтвазнаўства, прафесару Вользе Уладзіміраўне Дадзіёмавай. Канцэрт адбыўся ў межах фестывалю духоўнай музыкі “Залатагорская ліра”. У мінскай прэм’еры твора “Святы вэлюм” (муз. Э.Вітакра, сл. Ч. і Дж. Сільвестраў), які прагучаў у выкананні студэнцкага хору Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі пад кіраўніцтвам вядомага беларускага хармайстра, дацэнта Інэсы Бадзякі, прынялі ўдзел Міхаіл Радунскі (партыя віяланчэлі) і Вікторыя Слайкоўская (партыя фартэпіяна). Вядучай канцэрта стала вучаніца Вольгі Уладзіміраўны – кандыдат мастацтвазнаўства Вольга Царык. Яе чароўны голас адразу дапамог стварыць агульную атмасферу дабра, свету, добразычлівасці і спачування, што панавалі ўвечары на Залатой горцы.

Большую частку свайго жыцця Вольга Уладзіміраўна Дадзіёмава аддала Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі/акадэміі музыкі. Яе навуковыя працы не проста распачалі новую старонку ў гісторыі беларускага музычнага мастацтва, яны сталі вучэбнымі дапаможнікамі, па якіх вучыцца ўжо не адзінае пакаленне беларускіх музыкантаў. Адкрыццё ёю новай, раней зусім невядомай музыкі ХVІІ-ХІХ стст. стала падмуркам для фарміравання іншага погляду на айчыннае музычнае мастацтва.

Хвароба адчыніла яшчэ адну яскравую старонку яе таленту – паэтычную. Вершы, складзеныя Вольгай Уладзіміраўнай ў цяжкія хвіліны жыцця, сталі нябачнай ніццю паміж ёю, чытачом і Богам, чыя прысутнасць пастаянна адчуваецца ў выпакутаваных радках паэтычных тварэнняў Вольгі Уладзіміраўны… Вельмі тонка аб гэтым сказала Вольга Царык напачатку канцэрта словамі з вершаў Вольгі Уладзіміраўны. Вершаў, якія не проста застаўляюць плакаць, а адчыняюць падчас невядомыя нам раней экзістэнцыянальныя пачуцці.

Твор, што стаў своеасаблівым “музычным прынашэннем” красавіцкага вечара, для беларускай публікі новы, незнаёмы, але вельмі зразумелы. Трагічны лёс галоўнай гераіні музычнай харавой сагі “Святы вэлюм” амерыканскага кампазітара Эрыка Вітакра і аўтараў паэтычнага тэксту Чарльза і Джуліі Сільвестраў сумеў закрануць самыя тонкія струны нашых душ, якія чулліва і балюча адгукаліся на цяжкія перыпетыі сюжэта: смерць галоўнай гераіні – Джуліі – ад рака, яе пачуцці падчас хваробы і думкі яе блізкіх, якія не могуць прымірыцца са стратай блізкага чалавека. Але такі эмацыянальна цяжкі для выканаўцаў і слухачоў твор напрыканцы пакідае светлае адчуванне надзеі і веры ў бясконцасць, вечнасць жыцця ў часавай прасторы, моцную боскую дапамогу, трыумф кахання, што пацвярджаецца харальнымі гукамі апошняй, дванаццатай часткі твора.

Для слухачоў, нават і не прафесіянальных музыкантаў, сваеасаблівай дапамогай стала літаратурная праграма твору, якая літаральна “вяла” слухачоў, раскрываючы сэнс кожнай часткі (усе нумары ідуць адзін за адным, без перапынку). Змены настрою галоўнай гераіні – ад моманту сустрэчы са сваім каханым, нараджэння дзіцяці, горкая вестка пра цяжкую хваробу, барацьба, роспач, крык аб дапамозе, розныя пачуцці болі і надзеі, тонка перадаюцца ў музыцы твору амерыканскага кампазітара, які мысліць катэгорыямі ментальна блізкіх для яго негрыцянскіх спірычуэлсаў, лірычнай балады, харавых рамантычных кампазіцый. Шмат у гэтай музыцы подыху сучасных санорных элементаў. Хор падчас выканання глісандуе, “шэпча”, плача, дэкламуе… У партытуры шмат момантаў, складаных для выканання, якія патрабуюць тонкага музычнага слыху (акорды-кластэры, цяжкія для выканання скачкі, вострыя рытмы) і г.д. Тут майстэрства Інэсы Бадзяка, якая вядзе за сабой выканаўцаў, патрабуе асобай пахвалы, гэта не проста таленавітае выкананне, гэта – сапраўды жывое гучанне, эмацыянальна адкрытае і спачувальнае. Лаканічныя, вывераныя жэсты дырыжора трымаюць хор у патрэбным для раскрыцця сэнсу “Святога вэлюму” настроі напружання, адзінага подыху. Маладыя галасы студэнцкага хору пад дахамі Залатагорскага касцёла гучалі светла, калі патрэбна – напружана, гаротна, мякка, балюча, празрыста. Наогул, хор пад кіраўніцтвам Інэсы Бадзяка заслугоўвае асобай падзякі і пакідае пасля сціхання апошняй ноты, адчуванне цуду і надзеі на будучы свет.

Лаўрэат шматлікіх міжнародных конкурсаў Міхаіл Радунскі сваім пранікнёным, выразна лірычным, падчас, трагічным, выкананнем, стаў своеасаблівым голасам аўтара, які апавядае нам гэтую сумную гісторыю жыцця і барацьбы Джуліі з хваробай. Менавіта аксамітны тэмбр віяланчэлі, блізкі да чалавечага голасу, улюбёны шматлікімі кампазітарамі, у харавым творы стаў вельмі патрэбным аўтарскім каментарам. Сціплая, але вельмі пранікненая і чуллівая інструментальная падтрымка партыі фартэпіяна ў выкананні Вікторыі Слайкоўвскай, падкрэслівае кампазітарскую задумку – вядучую ролю харавога голасу, такога рознага і пераменнага ад часткі да часткі. Партыі віяланчэлі з фартэпіяна – гэта своеасаблівыя аўтарскія маналогі-рэчытатывы, якія тлумачаць нам асноўныя падзеі і раскрываюць аўтарскія пачуцці.

Напрыканцы хацелася б падзячыць ўсіх, хто стаяў за падрыхтоўкай мінскай прэм’еры “Святога вэлюму” Эрыка Вітакра, Чарльза і Джуліі Сільвестраў. Гэта відэа-мастак праекта Аляксандра Пяцэвіч, студэнтка чацвертага курса Акадэміі музыкі, лаўрэат шматлікіх конкурсаў харавых дырыжораў, а таксама аўтар самой ідэі выканання Аляксей Міхайлаў, пяцікурснік вакальна-харавога факультэта Акадэміі музыкі, пачынаючы кампазітар, лаўрэат Мiжнароднага конкурсу харавога пiсьма iмя А.Кастальскага. З дасягненнямі аўтараў праекта мы пазнаёміліся дзякуючы невялікай, але такой ёмкай праграмцы, падрыхтаванай аўтарамі праекта да канцэрта. Асобую падзяку хацелася б выказаць арганізатару фестывалю “Залатагорская ліра”, намесніку старшыні Беларускага Саюза кампазітараў Віктару Кісценю.

Самае галоўнае – вечар стаў крокам наперад па шляху дабра, дабрачыннасці, спачування, аб’яднаў нас і падараваў надзею на лепшае і дараванне. Мне здаецца, што кожны, хто ўвечары 19 красавіка пакідаў Залатагорскую залу, панёс з сабою частку свету тых зорачак, што свяцілі напрацягу ўсяго выканання, адлюстроўваючыся на касцёльных мурах, як сімвал бясконцасці нашага жыцця.

Л.Ф.Баранкевіч

 

19 апреля 2022 года в Костеле святого Роха состоялся Благотворительный концерт Студенческого хора Белорусской государственной академии музыки в поддержку Ольги Владимировны Дадиомовой,Почетного профессора.
Интервью с исполнителями и зрителями  во всей эмоциональной полноте передают особую,неповторимую атмосферу концерта хора.
См.интервью в web-газете СНТО «Академия музыки глазами студента».