• Новости

Тэматычная выстава “Вядомы беларускі этнамузыколаг – Мажэйка Зінаіда Якаўлеўна”: да 90 –годдзя з дня нараджэння”

10.04.2023

Бібліятэка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі прадстаўляе тэматычную выставу “Вядомы беларускі этнамузыколаг – Мажэйка Зінаіда Якаўлеўна”: да 90 –годдзя з дня нараджэння (6.12.1933 – 8.03.2014).

Мажэйка Зінаіда Якаўлеўна – вядомы беларускі этнамузыколаг і этнакінематаграфіст, з 1962 па 2011 гг. — вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1987), доктар мастацвазнаўства (1992), лаўрэат шматлікіх Гран-пры і міжнародных кінаматаграфічных прэмій, лаўрэат прэміі Саюза кампазітараў СССР імя акадэміка Б. Афанасьева (1991), Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (1994).

У 1961 г. скончыла Беларускую дзяржаўную кансерваторыю па спецыяльнасці “музыказнаўства” (клас Мухарынскай Л. С. (этнамузыкалогія), клас Сцепанцэвіч К. І. (тэорыя музыкі), аспірантуру Інстытута мастацвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук (1963-1966) пад кіраўніцтвам савецкага музыкаведа-этнографа, прафесара Я. У. Гіппіуса.

З. Мажэйка ўнесла вялікі ўклад у развіццё беларускай этнамузыкалогіі. Яе дзейнасць была накіравана на абарону, папулярызацыю і ўмацаванне аўтэнтычнага фальклору і яго носьбітаў, як самакаштоўнай і самадастатковай галіны нацыянальнай культуры. Свае асноўныя даследаванні яна прысвяціла сістэмнай тыпалогіі беларускага песеннага фальклору, яго вывучэнню ў мелагеаграфічным, сацыяльна- і этнапсіхалагічным (аўтэнтычны фальклор і яго носьбіты ў сучасных умовах), экалагічным (аўтэнтычны фальклор у сістэме сучаснай культуры) і гістарычным аспектах.

З. Мажэйка — аўтар манаграфій “Песенная культура беларускага Палесся” (1971), “Песні беларускага Паазер’я” (1981), “Песні беларускага Палесся”, “Каляндарна-песенная культура Беларусі: вопыт сістэмна-тыпалагічнага даследвання” (1985); адна з аўтараў і рэдактараў кнігі “Беларуская этнамузыкалогія: Нарысы гісторыі (ХІХ-ХХ ст.ст.) (1997).

Дзейнасць З. Мажэйка праяўлялася таксама і ў разгортванні этнамузыкалагічнай кінадакументалістыкі. Па яе сцэнарах на працягу 1970-80 гг. на кінастудыі “Беларусьфільм” здымаліся фільмы “Палескія калядкі”, “Галасы вякоў”, “Память столетий”, “Полесские свадьбы”, “Пранясі, Божа, хмару”, “Ой, жураўка, жураўка”, “Крывыя вечары”, адзначаныя прызамі на кінафестывалях і Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь (1994 г.).

На выставе прадстаўлены манаграфіі, артыкулы з навуковых часопісаў, аўдыёматэрыялы, энцыклапедычныя выданні, артыкулы з успамінамі калег, рукапісныя матэрыялы, фільмы З. Мажэйка.

 

Экспазіцыя выставы размяшчаецца ў фае Вялікай залы навучальнага корпуса  № 1 (вул. Інтэрнацыянальная, 30) з 7 красавіка па 21 мая 2023.