- Белорусская государственная академия музыки -

https://bgam.by/be

-

Шыманскі Мікалай Васільевіч

Пасада: Прафесар кафедры гісторыі музыкі і музычнай беларусістыкі
Вучоная ступень: Доктар мастацтвазнаўства (2017)
Вучонае званне: Прафесар (2020)
Адукацыя: Беларуская дзяржаўная кансерваторыя (1969, клас прафесара М.І. Аладава), аспірантура Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі ім. П. І. Чайкоўскага (1973) пад кіраўніцтвам доктара мастацтвазнаўства, прафесара У.В. Пратапопава
Выкладае дысцыпліны: Метадалогія музычнага даследавання, Мастацтва музычнай кампазіцыі, Асістэнцкая практыка, Пераддыпломная практыка


Нарадзіўся 22 ліпеня 1947 у в. Калядзічы (Мінская вобл., Беларусь).

Член Царкоўна-грамадскага савета па развіцці рускіх царкоўных спеваў (2017).

З 1973 працуе на кафедры тэорыі музыкі, з 1986 ‑ на пасадзе дацэнта, з 2017 ‑ на пасадзе прафесара. З 2019 года – прафесар кафедры гісторыі музыкі і музычнай беларусістыкі (па сумяшчальніцтву)

Распрацаваў спецыяльныя курсы: «Паліфонія», «Ранняя паліфонія», «Метадалогія музыказнаўчага даследавання» для студэнтаў спецыяльнасці «Мастацтвазнаўства (музыказнаўства)», «Метадалогія сучаснага музыказнаўства» для студэнтаў магістратуры, «Меладычны спеў» для навучэнцаў Мінскага духоўнага вучылішча, курс лекцый аб паліфоніі І. С. Баха для слухачоў факультэта павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

Кіраваў Студэнцкім навукова-творчым таварыствам Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі (1980–1985). У 1986–1995 загадваў кафедрай тэорыі музыкі. Член савета фартэпіяннага і кампазітарска-музыказнаўчага факультэта (1995–2016). Ініцыятар і адзін з арганізатараў Спеўных акадэмій у г. Гомелі (1995–1997).

Навуковыя інтарэсы сканцэнтраваны ў галіне паліфоніі і ранняй паліфоніі – дысцыпліны, якая ўпершыню сфармулявана ў беларускім музыказнаўстве. У сувязі з гэтым было распрацавана вучэнне аб тыпалогіі шматгалосся на аснове шырокага гістарычна-тэарэтычнага матэрыялу. Таксама ў рэчышчы навуковых інтарэсаў знаходзяцца пытанні сувязі музыкі і матэматыкі, праблема транскрыбіравання, сістэматыка натацый, музычная паэтыка і інш.

Выступаў навуковым кіраўніком распрацоўкі і выканання навуковых заданняў Тэматычнага плана навуковых даследаванняў і распрацовак, накіраваных на навукова-тэхнічнае забеспячэнне дзейнасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь: навуковае заданне ‑ стварэнне навуковага манаграфічнага выдання “Паліфонія ў беларускай музыцы ХХ ‑  пачатку ХХI стагоддзя” (2021). Член рэдакцыйных саветаў навукова-выдавецкага цэнтра “Сацыясфера”, часопісаў “Весці Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі” і “Паўднёва-Расійскі музычны альманах”.

З 2018 года з’яўляецца старшынёй Навукова-метадычнага савета па мастацтве музыкі і ўваходзіць у склад прэзідыума савета вучэбна-метадычнага аб’яднання па адукацыі ў галіне культуры і мастацтваў. З 2019 г. па цяперашні час ‑ старшыня Савета па абароне доктарскіх (кандыдацкіх) дысертацый Д 09.01.01 па спецыяльнасці 17.00.02 «Музычнае мастацтва».

Удзельнічае ў камісіях па абароне магістарскіх дысертацый, дыпломных і курсавых работ.

Узнагароджаны граматамі і дыпломамі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Мінскага епархіяльнага ўпраўлення Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Па лініі рэлігійных арганізацый прымаў удзел у працы Царкоўна-грамадскага савета пры Патрыярху Маскоўскім і ўсяе Русі па развіцці рускіх царкоўных спеваў (Масква). Узнагароджаны медалём Беларускай Праваслаўнай Царквы свяціцеля Кірылы Тураўскага (2019).

Кандыдатская дысертацыя: Полифония в симфониях Н.Я. Мясковского / Маскоўская дзяржаўная кансерваторыя імя П. І. Чайкоўскага. ‑ Масква, 1985.

Доктарская дысертацыя: Раннее многоголосие в литургической музыке Западноевропейского Средневековья (к типологии органума) / Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі. ‑ Мінск, 2017.

Публікацыі:

 Матэрыялы канферэнцый:

 Складанне, рэдагаванне: