- Белорусская государственная академия музыки -

https://bgam.by/be

-

Ласоцкая Ларыса Сцяпанаўна

Пасада: загадчык кафедры драўляных духавых інструментаў
Ганаровае званне: заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь
Адукацыя: вышэйшая


Таленавітая флейтыстка, якая валодае выдатнай тэхнікай, прыгожым поўным гукам, неаднаразова абараняла гонар рэспублікі на розных конкурсах, на якіх нязменна дабівалася высокіх вынікаў.

Нарадзілася 23 верасня 1968 г. у вёсцы Прусы Старадарожскага раёна Мінскай вобласці. 1979-м паступіла ў Рэспубліканскую школу па музыцы і выяўленчым мастацтве імя І. А. Ахрэмчыка, у клас флейты да педагога Н. В. Аўраменкі, у 1980 перавялася ў сярэднюю спецыяльную музычную школу пры Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі ў сувязі з пераходам Аўраменкі Н. В. на пастаянную работу ўкансерваторыю. У 1986-м скончыла школу.

1986-ы – 1991-ы – гады вучобы ў БДК. За перыяд студэнцтва стала лаўрэатам рэспубліканскіх конкурсаў (спецыяльны прыз самай юнай удзельніцы, 1982; II прэмія, 1985) і Міжрэспубліканскага конкурсу ў Кішынёве (I прэмія, 1987). У 1987 годзе стала першым у гісторыі Беларусі флейтыстам – дыпламантам Усесаюзнага конкурсу, выступіла на конкурсе ва ўкраінскім г. Хмяльніцкі, а ў 1991 годзе – першым жа беларускім лаўрэатам Усесаюзнага конкурсу ў Тамбове (II прэмія). У складзе ансамбля флейтыстаў “Сірынкс” стала ўладальніцай прызавога месца Міжнароднага конкурсу камерных ансамбляў у Хмяльніцкім (Украіна, 1993). Лаўрэат першай прэміі міжнароднага конкурсу “World Art Games” (2022), дала незлічоную колькасць канцэртаў у многіх краінах свету.

З 1993 па 1995 г. праходзіла асістэнтуру-стажыроўку ў класе выкладчыка Н.В. Аўраменкі. 17 лістапада 1995г. у БДК адбыўся выпускны канцэрт асістэнта-стажора Ласоцкай, па выніках якога ёй было прысвоена званне магістра мастацтвазнаўства.

Л.С. Ласоцкая шмат зрабіла для прапаганды твораў беларускіх кампазітараў. Напрыклад, 19 снежня 1993 г. у канцэртнай зале беларускай дзяржаўнай філармоніі яна, у суправаджэнні ДАСА РБ, выканала “ Печальный концерт” для флейты У. Каральчука (дырыжор – народны артыст Беларусі В. Дуброўскі).

У 1992-м годзе Л. С. Ласоцкая вытрымала конкурс на пасаду другога саліста ў сімфанічны аркестр Нацыянальнага акадэмічнага вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, з 1995 г. працуе канцэртмайстарам гурта флейт гэтага аркестра, вядучы майстар сцэны. Таксама ўваходзіць у склад квартэта флейт Вялікага тэатра РБ.

Узнагароды на конкурсах:

З 1990 па 1994 і з 2016 па цяперашні час – выкладчык па класе флейты Рэспубліканскага музычнага каледжа пры БДАМ.

Лаўрэаты-выхаванцы:

Лаўрэат 2 ступені V Рэспубліканскага адкрытага конкурсу выканаўцаў на аркестравых інструментах ім. Я.А. Глебава;

Лаўрэат 2 ступені VI міжнароднага конкурсу (у складзе камернага ансамбля) “Musical Aquarelle-2018”

Лаўрэат 2 ступені міжнароднага конкурсу “Spring Symphony 2021”, Чэшская Рэспубліка, Прага;

Лаўрэат 3 ступені VIII Рэспубліканскі конкурс маладых выканаўцаў, 2021, Мінск;

Лаўрэат 1 ступені VI Адкрытага Рэспубліканскага конкурсу музычнага выканальніцтва Беларусі “Спадчына”, 2021, Заслаўе;

Лаўрэат 1 ступені VI міжнароднага конкурсу-фестывалю мастацтваў “Музыкі святло 2021”;

Лаўрэат 2 ступені Міжнароднага конкурсу “STAR OF GREECE”, 2021, Greece, Tesaloniki;

Лаўрэат 1 ступені VII Міжнароднага конкурсу мастацтваў “LIGHT OF MUSIC”, Мінск, Беларусь, 2022;

Лаўрэат 1 ступені XIX міжнароднага конкурсу «Свет музыкі – свет дзіцяці», Масква, 2022;

Лаўрэат 1 ступені міжнароднага конкурсу мастацтваў “My dream”, Мінск, Беларусь 2022;

Лаўрэат 1 ступені міжнароднага конкурсу “LETOSTAR IN GEORGIA-2022” Грузія, Тбілісі;

Ларыса Сцяпанаўна вядзе актыўную канцэртную дзейнасць у якасці салісткі, а таксама ў складзе розных камерных ансамбляў. З’яўляецца аўтарам шматлікіх перакладанняў для ансамбля флейтыстаў, у тым ліку твораў беларускіх кампазітараў.

Узнагароды:

З 2022 года – выкладчык і загадчык кафедры драўляных духавых інструментаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, мастацкі кіраўнік ансамбля флейтыстаў “Німфы”.

Ларыса Сцяпанаўна Ласоцкая – заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, уладальнік медаля Францыска Скарыны, вядучы майстар сцэны сімфанічнага аркестра Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Паспяхова сумяшчае шматгадовую працу ў сімфанічным аркестры тэатра з выкладчыцкай дзейнасцю.