- Белорусская государственная академия музыки -

https://bgam.by

-

Тэматычная выстава “Юбіляры Акадэміі“

Нотна-навуковая бібліятэка працягвае серыю “Юбіляры Акадэміі” і прадстаўляе чарговую тэматычную выставу, прымеркаваную да юбілейных дат карыфеяў беларускага музычнага мастацтва, навукі і педагогікі: Волкавай Людмілы Анатольеўны (12 студзеня), Чабана Валянціна Аляксеевіча (7 мая); Шыманскага Мікалая Васільевіча (22 ліпеня), Войціка Віктара Антонавіча (3 верасня).

Волкава Людміла Анатольеўна — кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт кафедры гісторыі музыкі і музычнай беларусістыкі. З’яўляецца вядучым спецыялістам па гісторыі заходнееўрапейскай музычнай культуры.

Навукова-даследчыя інтарэсы Л. А. Волкавай сканцэнтраваны ў сферы беларускай музыкі ХХ — ХХI стагоддзяў.

Людміла Анатольеўна штогод удзельнічае ў міжнародных і рэспубліканскіх навуковых канферэнцыях і навуковых семінарах, займаецца музычна-крытычнай і музычна-асветніцкай дзейнасцю, з’яўляецца кіраўніком і удзельнікам розных дзяржаўных праектаў.

Яе шматгранная педагагічная дзейнасць уключае курсы лекцый для выканальніцкіх спецыяльнасцей, спецыяльныя курсы лекцый для музыказнаўцаў, магістрантаў і аспірантаў, а таксама лекцыі на факультэце павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў спецыяльных устаноў музычнай адукацыі. Людміла Анатольеўна кіруе разнастайнымі відамі практыкі студэнтаў-музыказнаўцаў (педагагічная, лектарская і інш.), з’яўляецца навуковым кіраўніком курсавых і дыпломных работ студэнтаў, дысертацый магістрантаў і аспірантаў, штогод удзельнічае ў Дзяржаўных экзаменацыйных камісіях па абароне дыпломных праектаў, магістарскіх дысертацый. па спецыяльнасці ў аспірантаў, а таксама ў Дзяржаўных экзаменацыйных камісіях на прыёмных экзаменах у Акадэмію музыкі, уключаецца ў журы розных конкурсаў навуковых работ студэнцаў і аспірантаў.

Чабан Валянцін Аляксеевіч  — доктар мастацтвазнаўства, прафесар кафедры баяна і акардэона. Даследчык пытанняў у галіне гісторыі, тэорыі, стылістыкі метадалогіі баяннага мастацтва. Аўтар манаграфій, метадычных распрацовак, шматлікіх артыкулаў у навуковых часопісах і зборніках. Кіраўнік Баяннага аркестра Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі (1972–1988). На працягу многіх гадоў выступаў у якасці саліста і дырыжора на філарманічнай і акадэмічнай сцэнах Беларусі, Расіі, Германіі, Латвіі, Літвы, а таксама на беларускім радыё і тэлебачанні. Член журы рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў баяністаў і акардэяністаў. Праводзіць майстар-класы ў дзіцячых музычных школах, навучальных установах сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь і іншых краін.

Шыманскі Мікалай Васільевіч — доктар мастацтвазнаўства, прафесар кафедры тэорыі музыкі. Навуковыя інтарэсы сканцэнтраваны ў галіне паліфаніі і ранняй паліфаніі — дысцыпліны, якая ў першыню сфармулявана ў беларускім музыказнаўстве. У сувязі з гэтым было распрацавана вучэнне аб тыпалогіі паліфаніі, заснаванай на шырокім гістарычным і тэарэтычным матэрыяле, уключая узоры  музыкі  сучасных беларускіх кампазітараў. Таксама ў радку навуковых інтарэсаў ёсць пытанні сувязі музыкі і матэматыкі, сістэматыкі натацыі, музычнай паэтыкі і г. д.  Мікалай Васільевіч з’яўляецца адным з вядучых даследчыкаў, які працуе над пытаннямі па гісторыі і тэорыі літургічнай музыкі, асвячаючы гэтую спецыфічную вобласць музыказнаўства праз прызму праблем філасофіі, эстэтыкі, культуралогіі, багаслоўя.

Войцік Віктар Антонавіч – кампазітар, педагог, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь (1995), лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Рэспублікі Беларусь (1995), дацэнт (1997), прафесар (2014), член Саюза кампазітараў Беларусі (1974) і Беларускага саюза музычных дзеячаў (1995). Аўтар оперы «Вясновая песня», мюзіклаў, араторый і кантат («Памяць Хатыні», «Дзень Радзімы», «Казацкія песні» і інш.), сімфоній, твораў для сімфанічнага і камернага аркестра, аркестра народных інструментаў, інструментальных канцэртаў; сачыненняў педагагічнага рэпертуару для цымбалаў, баяна, домры, балалайкі, габоя, флейты і іншых інструментаў. Значнае месца ў творчасці В. А. Войціка займае вакальная музыка. На працягу ўсяго творчага шляху ён піша песні, рамансы, хоры, якія сведчаць аб яго беражлівым стаўленні да беларускага слова і маўленчай інтанацыі.

На выставе экспануюцца навуковыя публікацыі, метадычныя распрацоўкі, навучальныя праграмы і навучальныя дапаможнікі, якія прадстаўляюць сферу навуковых інтарэсаў юбіляраў. Выставу дапаўняюць нотныя зборнікі, гуказапісы, фотадакументы, ілюстрацыйны матэрыял.

Калектыў бібліятэкі шчыра віншуе нашых паважаных юбіляраў і жадае моцнага здароўя, аптымізму, натхнення і далейшых поспехаў у навуковай, творчай і педагагічнай дзейнасці.

Выстава размяшчаецца ў фае Вялікай залы навучальнага корпуса № 1 (вул. Інтэрнацыянальная, 30) з 8 ліпеня па 12 верасня 2022 года.