- Белорусская государственная академия музыки -

https://bgam.by

-

Выставка «Песні пра шчасце…» к 110–летию со дня рождения композитора Д.А.Лукаса

Нотна-навуковая бібліятэка прапануе тэматычную выставу «Песні пра шчасце…»: да 110–годдзя з дня нараджэння кампазітара Дзмітрыя Аляксандравіча Лукаса (1911–1979).

Дзмітрый Аляксандравіч Лукас — буйная фігура ў музычным жыцці Беларусі другой паловы ХХ стагоддзя. Доўгі час працаваў галоўным рэдактарам, потым — мастацкім кіраўніком музычнага вяшчання Беларускага радыё, кіраваў кафедрай спеваў Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута, быў старшым рэдактарам рэдакцыі музычнай літаратуры Белдзяржвыдавецтва. Ён неаднаразова абіраўся членам Праўлення Саюза кампазітараў БССР, быў яго адказным сакратаром і сакратаром партыйнай арганізацыі Саюза. Цяжка пераацаніць ролю кампазітара ў развіцці мастацкай самадзейнасці рэспублікі: Лукас кансультаваў кампазітараў-аматараў, дапамагаў мастацкім калектывам, быў членам журы шматлікіх конкурсаў, аглядаў, фестываляў мастацкай самадзейнасці.

Дзмітрыю Аляксандравічу пашанцавала вучыцца ў высокапрафесійных беларускіх кампазітараў: у Гомельскай музычнай школе яго настаўнікам па сальфеджыа і тэорыі музыкі быў А. Я. Туранкоў, у Гомельскім музычным тэхнікуме па класу кампазіцыі вучыўся ў Р. К. Пукста. У 1936 г. паступіў у клас кампазіцыі Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, дзе займаўся спачатку ў М. І. Аладова, а потым у В. А. Залатарова.

Д. А. Лукас – аўтар опер «Кастусь Каліноўскі», «Песня шчасця», «Дачка пагранічніка», радыёоперы для дзяцей «Рак-вусач»; шэрага вакальна-харавых і аркестровых твораў, у тым ліку трох араторый, дзвюх сімфоній, варыяцый на беларускую народную тэму, Скерца, Канцэрціна для голасу і аркестра, сюіт для розных саставаў. Камерна-інструментальная спадчына Лукаса налічвае пяць квартэтаў, экспромт для сэкстэта домр, а таксама розныя творы для фартэпіяна і іншых інструментаў.

Кампазітар стварыў музыку да кінафільмаў «Дзеці партызана», «Несцерка», «Пасеялі дзяўчаты лён», «Шчасце трэба берагчы», «Строгая жанчына», «Чалавек не здаецца», «Новы Мінск» і шматлікіх драматычных спектакляў. Найбольш ярка талент Д. А. Лукаса раскрыўся ў вакальнай музыцы. У рамансах і песнях праявілася характэрнае для яго творчай індывідуальнасці багацце лірычных вобразаў, выразнасць меладычнай і гарманічнай мовы. Шырока і поўна ён выкарыстоўвае ў вакальнай партыі ўсе выканаўчыя мажлівасці голасу, яго мелодыі спалучаюць напеўнасць, пластычнасць кантылены з эмацыянальнай выразнасцю жывой чалавечай мовы.

У 1949 г. за плённую творчую і грамадскую дзейнасць Дзмітрый Аляксандравіч Лукас быў ўзнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны», а ў 1955 г. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР было прысвоена званне «Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР».

На выставе прадстаўлены выданні аб жыцці і творчасці Д. А. Лукаса (кнігі, манаграфіі, артыкулы з перыядычных выданняў, энцыклапедый, навуковых і навукова-папулярных выданняў), нотныя дакументы, у тым ліку аўтарскія рукапісы кампазітара.

Выстава размяшчаецца ў каб. № 140 навучальнага корпуса № 1 (вул. Інтэрнацыянальная, 30) з 8 чэрвеня па 10 верасня 2021 г.

Фотогалерея «Песні пра шчасце…» к 110–летию со дня рождения композитора Д.А.Лукаса