- Белорусская государственная академия музыки -

https://bgam.by

-

Тэматычная выстава “Скрыпач, педагог, артыст”

Нотна-навуковая бібліятэка прапануе тэматычную выставу “Скрыпач, педагог, артыст, прымеркаваную да 100 гадовага юбілею з дня нараджэння заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі (1975), прафесара (1981), удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Браценнікава Мікалая Данілавіча (18.02.1922 – 6.07.2001).

Таленавіты музыкант скончыў Маскоўскую дзяржаўную кансерваторыю імя П. І. Чайкоўскага. На працягу больш пяцідзясяці гадоў працаваў у Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі: займаў пасады ад асістэнта да прафесара, загадваў кафедрай струнна-смычковых інструментаў, быў дэканам выканальніцкага факультэта, прарэктарам па вучэбнай і навуковай рабоце. У выканальніцкай дзейнасці – саліст, ансамбліст, аркестрант. Выканальніцкую дзейнасць паспяхова спалучаў з педагагічнай і грамадскай.

Упершыню ў гісторыі кафедры скрыпкі падрыхтаваў студэнтаў-скрыпачоў да перамог у сур’ёзных творчых конкурсах і да паступлення ў асістэнтуру-стажыроўку лепшых музычных вузаў Савецкага Саюза – Маскоўскую і Ленінградскую кансерваторыі. Стварыў камерны квартэт пры Саюзе кампазітараў Беларусі, у якім выконваў партыю скрыпкі.

Мікалай Данілавіч лічыцца знакавай фігурай у беларускім скрыпічным мастацтве і з’яўляецца родапачынальнікам і заснавальнікам прафесійнай беларускай скрыпічнай школы. Дзякуючы М. Д. Браценнікаву і поспехам яго вучняў, беларуская скрыпічная школа атрымала прызнанне за межамі нашай краіны.

На выставе прадстаўлены навуковыя, энцыклапедычныя выданні, артыкулы, успаміны калег аб жыцці і дзейнасці М. Д. Браценнікава, фотадакументы.

Выстава размяшчаецца ў навучальным корпусе №1 (вул. Інтэрнацыянальная, 30) каб. 140 з 6 чэрвеня па 22 жніўня 2022 года.