- Белорусская государственная академия музыки -

https://bgam.by

-

Тэматычная выстава, прымеркаваная да 85-годдзя з дня нараджэння выбітнага прадстаўніка сучаснай беларускай этнамузыкалогіі, музыкаведа, этнаарганолага, доктара мастацтвазнаўства (1999), прафесара (2000) Іны Дзмітрыеўны Назінай (1937 – 2021)

Нотна-навуковая бібліятэка прапануе тэматычную выставу, прымеркаваную да 85-годдзя з дня нараджэння выбітнага прадстаўніка сучаснай беларускай этнамузыкалогіі, музыкаведа, этнаарганолага, доктара мастацтвазнаўства (1999), прафесара (2000) Іны Дзмітрыеўны Назінай (1937 – 2021).

Шматгранная і плённая дзейнасць Іны Дзмітрыеўны Назінай вызначана фундаментальнымі навуковымі даследаваннямі па гісторыі народнай і прафесійнай музычна-інструментальнай культуры Беларусі, этнамузычнай гістарыяграфіі, музычнай антрапалогіі.

У працэсе яе тытанічнай экспедыцыйнай працы быў узноўлены бясцэнны фонд беларускай народна-інструментальный культуры – унікальныя зборы беларускіх народных інструментаў, бліскучыя гукавыя калекцыі, высока ацэненыя міжнароднай арганізацыяй ЮНЭСКА, высокамастацкія этнаграфічныя фільмы, якія з’яўляюцца нацыянальным здабыткам і служаць дапаможнікам для студэнтаў музычных спецыяльнасцей навучальных устаноў краіны.

Дзякуючы навукоўцу Іне Дзмітрыеўне, захаваны і ўведзены ў навуковы абарот абшырны пласт беларускай народна-інструментальнай культуры.

Сярод вучняў Іны Дзмітрыеўны дактары мастацтвазнаўства В. У. Дадзіёмава, Н. П. Яканюк, кандыдаты мастацтвазнаўства М. І. Казловіч, Т. У. Ліхач, А. Г. Шацько.

І. Д. Назіна ўзнагароджана медалём «Ветэран працы» (1990), Ганаровым знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (1997), Спецыяльнай прэміяй года Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за высокія творчыя дасягненні ў галіне крытыкі і мастацтвазнаўства (1998).

На выставе прадстаўлены асноўныя публікацыі І. Д. Назінай, артыкулы ў энцыклапедычных і навуковых выданнях, навуковыя працы, ілюстрацыйны матэрыял. Выставу дапаўняе гукавая калекцыя «Беларускі музычны фальклор», дзе прадстаўлены ўзоры аўтэнтычнага музычнага фальклору, сабранага Т. Варфаламеевай, І. Назінай, З. Мажэйка ў экспедыцыях 1960–1980 гадоў.

Экспазіцыя выставы размяшчаецца ў вучэбным корпусе № 1 (вул. Інтэрнацыянальная, 30) у фае Вялікай залы з 5 кастрычніка па 15 лістапада 2022 года.