- Белорусская государственная академия музыки -

https://bgam.by

-

Тэматычная выстава «МУЗЫЧНАЯ ЗОРКА МАКСІМА БАГДАНОВІЧА»

Нотна-навуковая бібліятэка прадстаўляе тэматычную выставу “МУЗЫЧНАЯ ЗОРКА МАКСІМА БАГДАНОВІЧА”, прымеркаваную да 130-годдзя з дня нараджэння Максіма Адамавіча Багдановіча (1891‑1917).

Творчасць Максіма Багдановіча – паэта, празаіка, удумлівага перакладчыка, публіцыста, наватара, – гэта тонкае адчуванне прыгажосці, маляўнічы свет прыроды, трапяткія пачуцці і глыбокія перажыванні, філасофскі роздум аб быцці чалавека.

М. Багдановіча называюць зоркай беларускай паэзіі, яго параўноўваюць з метэарытам, які, згараючы, асвятляе ўсё навокал. Ён шмат зрабіў, а мог бы зрабіць яшчэ болей. Лёс адмераў яму няпоўныя 26 год, адарваў ад роднай краіны на доўгі час у самым маленстве, але дараваў талент да пісьменства.

Творчая спадчына пісьменніка стала крыніцай натхнення прадстаўнікоў тэатральнага і музычнага мастацтва.

Многія з твораў Максіма Багдановіча пакладзены на музыку. Яго вершы поўныя шчырых і хвалюючых пачуццяў, адзначаныя тонкім псіхалагізмам, музычнасцю, эмацыянальнасцю, ляглі ў аснову шэрага вакальных твораў М. Аладава, А. Багатырова, А. Туранкова, Л. Абеліёвіча, Я. Глебава, І. Лучанка, Ю. Семянякі і іншых. Большасць песень, якія ўвайшлі ў вакальны цыкл “Вянок” на вершы М. Багдановіча, былі напісаны Уладзімірам Мулявіным, мастацкім кіраўніком ансамбля “Песняры”.

Шырокую папулярнасць атрымаў верш “Зорка Венера”, які адразу пасля публікацыі быў пакладзены на музыку С. Рак-Міхайлоўскім і атрымаў другое жыццё, зрабіўшыся народнай песняй. Нельга не ўзгадаць і аднайменную оперу Ю. Семянякі, звязаную з жыццём, творчасцю і паэзіяй М. Багдановіча.

Творчасць выдатнага паэта сёння вядома і любіма не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. Зорка Максіма Багдановіча, што ўзышла над Беларуссю, не згасае праз гады, а разгараецца з усё большай сілай: вялікае, сапраўды, бачыцца на адлегласці.

На выставе прадстаўлены кнігі аб жыццёвым і творчым шляху Максіма Багдановіча, зборнікі вершаў, музычна-крытычныя артыкулы, навуковыя часопісы, нотныя выданні, рукапісы і аўдыёматэрыялы музычных твораў беларускіх кампазітараў на тэксты айчыннага паэта.

Экспазіцыя размяшчаецца ў фае Вялікай залы вучэбнага корпуса № 1 (вул. Інтэрнацыянальная, 30) з 9 снежня 2021 года па 12 студзеня 2022 года.

Фотогалерея «Музычная зорка Максiма Багдановiча»