- Белорусская государственная академия музыки -

https://bgam.by

-

Тэматычная выстава «ГОНАР БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ»

Міжнародны дзень роднай мовы або Міжнародны дзень матчынай мовы шырока адзначаецца ва ўсім свеце. Яго мэта — захаванне моўнай разнастайнасці і шматмоўнай адукацыі, моўных і культурных традыцый, якія грунтуюцца на ўзаемаразуменні, цярпімасці і дыялогу.

Свята было заснавана рашэннем 30‑й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЭСКА ў лістападзе 1999 года і адзначаецца з 2000 года.

Любая нацыянальная мова адыгрывае выключна важную ролю ў духоўным жыцці народа. Не з’яўляецца выключэннем і беларуская мова, якая на працягу ўсяго свайго існавання з’яўлялася падмуркам ў станаўленні нацыянальнай свядомасці і дзяржаўнасці беларускага народа.

Многія паэты і пісьменнікі ўсхвалялі беларускую мову, надаючы ёй яшчэ большую прыгажосць. Сярод такіх творчых асоб трэба вылучыць знакамітых і неўміручых зорак айчыннай літаратуры, сапраўдных патрыётаў сваёй Радзімы, гонар беларускай літаратуры – Якуба Коласа і Янку Купалу, з дня нараджэння якіх сёлета мы адзначаем 140 год.

Іх уклад у адраджэнне і развіццё беларускай мовы сапраўды бясцэнны. Дзякуючы Я. Коласу і Я. Купалу, беларуская літаратура дасягнула сваёй творчай сталасці і выйшла на сусветную арэну.

Шмат выдатных твораў далі нам Колас і Купала: “Бандароўна”, “Магіла льва, ”Паўлінка”, “Раскіданае гняздо”, “Сон на кургане”, “На ростанях”, “Новая зямля”, “У палескай глушы” і інш.

Іх творчасць стала вытокам найвялікшых ідэйна-мастацкіх адкрыццяў і дасягненняў беларускага слова, якое Колас і Купала вывелі з зародкавага стану на еўрапейскі ўзровень.

На выставе прадстаўлены кнігі аб жыццёвым і творчым шляху Я. Купалы і Я. Коласа, поўныя зборы сачыненняў, энцыклапедычныя і літаратурныя выданні, паэтычныя зборнікі, навуковыя часопісы, ілюстрацыі,  аўдыёматэрыялы з творамі айчынных кампазітараў на тэксты народных паэтаў.

Асаблівую цікавасць уяўляе факсімільнае выданне першага зборніка Я. Купалы “Жалейка” (П., 1908).

Экспазіцыя размяшчаецца ў навучальным корпусе № 1 (вул. Інтэрнацыянальная, 30) у каб.140, з 25 cтудзеня па 25 лютага 2022 г.