- Белорусская государственная академия музыки -

https://bgam.by

-

Тэматычная выстава «Акадэмія музыкі – ад мінулага да сучаснасці: творчасць, дасягненні, людзі»

Нотна-навуковая бібліятэка прапануе тэматычную выставу «Акадэмія музыкі – ад мінулага да сучаснасці: творчасць, дасягненні, людзі». Да 90-гадовага юбілею!

У 2022 годзе Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі спаўняецца 90 гадоў. За перыяд сваёй гісторыі акадэмія прайшла этапы станаўлення, фарміравання педагагічных, творчых і навуковых школ, дасягнула значных прафесійных поспехаў, набыла высокі міжнародны аўтарытэт і прызнанне. Сёння мы маем права ганарыцца дасягненнямі нашай ВНУ, якія звязаны з працай некалькіх пакаленняў выдатных музыкантаў і педагогаў.

У рамках тэматычнай выставы мы пастараліся з максімальнай паўнатой адлюстраваць асноўныя напрамкі навукова-даследчай, адукацыйнай, кампазітарскай і выканальніцкай дзейнасці студэнтаў, выкладчыкаў і творчых калектываў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі — Акадэміі музыкі (1932-2022).

На выставе прадстаўлены навуковыя выданні Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі: часопіс «Весці Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі», «Навуковыя працы Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі» (у шасці серыях), манаграфіі, зборнікі артыкулаў, матэрыялы навукова-практычных міжнародных канферэнцый, навучальныя і вучэбна-метадычныя дапаможнікі, метадычныя рэкамендацыі, нотныя выданні, фонахрэстаматыі кампазітараў-выкладчыкаў, калекцыя гуказапісаў да юбілейных дат акадэміі, аўдыяатласы традыцыйнай музычнай культуры Беларусі. Поруч з навуковымі выданнямі на выставе дэманструюцца ўнікальныя фатаграфіі, якія адлюстроўваюць шматгадовую гісторыю станаўлення і развіцця Акадэміі музыкі на розных этапах яе існавання.

Супрацоўнікі Нотна-навуковай бібліятэкі віншуюць калектыў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, прафесарска-выкладчыцкі састаў, аспірантаў і студэнтаў з выдатным юбілеем і жадаюць прафесійных дасягненняў, новых творчых поспехаў, далейшага развіцця і росквіту!

Экспазіцыя выставы размяшчаецца ў фае Вялікай залы вучэбнага корпуса № 1 (вул. Інтэрнацыянальная, 30) з 23 лістапада па 15 студзеня 2023 года.