• Перейти на главную
  • Карта сайта

Нотна-навуковая бібліятэка прапануе тэматычную выставу “Чароўныя гукі беларускай паэзіі ў песнях”

Нотна-навуковая бібліятэка прапануе тэматычную выставу “Чароўныя гукі беларускай паэзіі ў песнях”

Нотна-навуковая бібліятэка прапануе тэматычную выставу “Чароўныя гукі беларускай паэзіі ў песнях”, прымеркаваную да Міжнароднага дня музыкі, які адзначаецца ва ўсім свеце 1 кастрычніка.

Музыка акружае чалавека са старажытных часоў, яна выклікае розныя пачуцці і эмоцыі, падтрымлівае, дапамагае ў цяжкіх сітуацыях, супакойвае або, наадварот, напаўняе энергіяй, цешыць наш слых і лечыць душу.

Сіла музыкі, аб’яднаная з паэтычным словам, аказвае велізарны ўплыў на любога чалавека. Беларуская паэзія – невычэрпная крыніца для стваральнікаў музыкі. Наша мова рытмічная, меладычная, вершы так і просяцца быць пакладзенымі на музыку. Натхнёныя радкамі беларускай паэзіі айчынныя кампазітары стваралі рамансы, песні, хоры.

У фондзе Нотна-навуковай бібліятэкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі захоўваюцца не толькі надрукаваныя творы беларускіх кампазітараў на вершы айчынных паэтаў розных пакаленняў, але і рукапісы твораў. Аўтарскія рукапісы – сапраўдная спадчына беларускай музычнай культуры. Яны дазваляюць убачыць таямніцы творчасці кампазітара, асаблівасці афармлення і індывідуальны почырк аўтара, адчуць атмасферу, у якой ствараўся той ці іншы твор. Таму з нагоды Міжнароднага дня музыкі карыстальнікі Нотна-навуковай бібліятэкі маюць магчымасць дакрануцца да непаўторнай гармоніі музыкі і паэтычнага слова.

На выставе прадстаўлены рукапісы песен Л. Абеліовіча, І. Алоўнікава, А. Багатырова, Г. Вагнера, В. Войціка, Э. Зарыцкага, І. Лучанка, Ю. Семянякі, Дзм. Смольскага, Ул. Солтана, М. Чуркіна і іншых на словы М. Багдановіча, П. Глебкі, Я. Коласа, Я. Купалы, А. Русака, М. Танка, зборнікі вершаў, кнігі і фотадакументы.

Экспазіцыя размяшчаецца ў каб. 140 навучальнага корпуса № 1 (вул. Інтэрнацыянальная, 30) з 15 верасня па 19 кастрычніка 2021 г.

Фотогалерея

все фотографии