• Перейти на главную
  • Карта сайта

Выставка «Служэнне мастацтву», прымеркаваную да 130-годдзя з дня нараджэння Мікалая Ільіча Аладава

Выставка «Служэнне мастацтву», прымеркаваную да 130-годдзя з дня нараджэння Мікалая Ільіча Аладава

Нотна-навуковая бібліятэка прапануе тэматычную выставу «Служэнне мастацтву», прымеркаваную да 130-годдзя з дня нараджэння Мікалая Ільіча Аладава (21.12.1890–04.12.1972) — яркага і самабытнага кампазітара, дырыжора, педагога, народнага артыста Беларусі.

М. І. Аладаў нарадзіўся 21 снежня 1980 г. ў Пецярбургу. Яго бацька цудоўна валодаў фартэпіяна і прывіў сыну любоў да музыкі. Калі Мікалай Аладаў вырашыў стаць прафесійным музыкантам, ён пачаў браць прыватныя ўрокі ў Якава Васільевіча Прохарава — кампазітара і этнографа, вучня Н. А. Рымскага-Корсакава. У 1910 г. здаў экстэрнам экзамены за поўны курс кампазітарскага факультэта Пецярбургскай кансерваторыі і пачаў прафесійную дзейнасць. М. Аладаў працаваў канцэртмайстрам, выкладчыкам фартэпіяна і ствараў ўласныя творы. З 1923 г. года М. І. Аладаў працуе ў Дзяржаўным інстытуце музычнай навукі (г. Масква), дзе былі сканцэнтраваны вядучыя этнографы, даследчыкі фальклору. Там кампазітар знаёміцца з беларускім фальклорам, займаецца апрацоўкай і гарманізацыяй беларускіх песен. Захоплены паэзіяй Я. Куплаы, ён стварае рамансы на яго словы. Імя кампазітара стала вядома на Беларусі і ўжо ў 1924 г. яго запрашаюць ў Мінскі музычны тэхнікум на пасаду выкладчыка. Спачатку ён выкладае музычна-тэарэтычныя дысцыпліны, а пазней клас — кампазіцыі. Пачынаючы з 1932 г., М. І. Аладаў працуе ў Белдзяржкансерваторыі і з’яўляецца членам Саюза кампазітараў Беларусі, у 1946 г. атрымлівае званне прафесара, з 1944 г. па 1948 г. займае пасаду рэктара, у 1949-1950 гг. – пасаду старшыні праўлення Саюза кампазітараў Беларусі.

М. І. Аладаў стаяў ля вытокаў беларускай кампазітарскай школы і прафесійнай музычнай адукацыі, яго вучні, паводле С. Нісневіч, — «усё пакаленне беларускіх музыкантаў, пачынаючы з 1924 г.». Выпускнікамі класа кампазіцыі ў кансерваторыі сталі Р. Буцвілоўскі, А. Зарубко, Ф. Пыталеў, С. Картэс і А. Сонін. Вучнямі Аладава-тэарэтыка ў кансерваторыі і тэхнікуме ў розны час сталі многія знакамітыя беларускія музыканты: кампазітары, інструменталісты і музыказнаўцы, сярод іх У. Алоўнікаў, А. Багатыроў, Н. Сакалоўскі, А. Русак, М. Бергер, І. Жыновіч, Дзм. Жураўлёў, М. Міненкова, М. Шыманскі, Дзм. Лукас, С. Нісневіч, Р. Сергіенка, Г. Куляшова і многія іншыя.

М. І. Аладаў стварыў каля 300 музычных твораў, з’яўляецца аўтарам першай беларускай камічнай оперы “Тарас на Парнасе”, першага беларускага камернага інструментальнага ансамбля “Квінтэт на тэмы беларускіх народных песен”, дзесяці сімфоній, пяці кантат, вакальна-сімфанічанй паэмы “Над ракой Арэсай”, оперы “Андрэй Касценя”, вакальных цыклаў на словы Я. Куплы, М. Багдановіча, М. Танка і іншых.

На выставе прадстаўлены навуковыя, навукова-папулярныя і літаратурна-мастацкія выданні, манаграфіі, артыкулы з часопісаў, навуковых прац, матэрыялы навукова-практычных канферэнцый, даследаванні жыцця і творчасці М. І. Аладава вядомых беларускіх музыказнаўцаў, выкладчыкаў і аспірантаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, нотныя выданні і аўтарскія рукапісы музычных твораў кампазітара. Асаблівай увагі заслугоўваюць машынапісы навуковых прац М. І. Аладава з фонду рэдкіх дакументаў: “Заметки по вопросу воспитания молодых композиторов” (1957), “Материалы по истории равития музыкального образования в БССР с 1918 по 1941 г.” (1952), “К вопросу о содержании и форме в музыке” (1963). Выставу дапаўняюць аўдыавізуальныя дакументы.

Экспазіцыя размяшчаецца ў фае Вялікай залы вучэбнага корпуса № 1 (вул. Інтэрнацыянальная, 30) з 15 снежня па 5 студзеня 2021 года.

Фотагалерэя

все фотографии