- Белорусская государственная академия музыки -

https://bgam.by

-

Народны спявак-карыфей са Шклоўшчыны Віктар Петакоў. Мінск, 2017.

Народны спявак-карыфей са Шклоўшчыны Віктар Петакоў [Электронны рэсурс] / склад. Т. Канстанцінава, В. Прыбылова, Т. Бярковіч. – Электрон. дан. (117:01). – Мінск: Беларус. дзярж. акадэмія музыкі, 2017. – 2 электрон. апт. дыска (CD-RОM): гуч., брашура (39 с.). – (Аўдыяатлас традыцыйнай музычнай культуры Беларусі : вып. 9). Тыраж 50 экз.

Аўтары-складальнікі: Таццяна Канстанцінава, Васіліна Прыбылова, Таццяна Бярковіч (складанне муз. часткі, уступ. артыкул на бел., рус. і англ. мовах, каментарыі, транскрыпцыі і камп’ютарны набор напеваў і песенных тэкстаў, стварэнне карты, макетаванне). Мастэрынг гуказапісаў: Сяргей Багданаў. Тэкставыя рэдактары: Міхаіл Казіміраў (бел., рус.), Святлана Шчукіна (англ.). Дызайн вокладкі: Аляксандр Прыбылоў, Настасся Даніловіч. Апрацоўка фотаздымкаў: Настасся Даніловіч. Кіраўнік праекта: Таццяна Бярковіч.


Калекцыя з двух СD «Народны спявак-карыфей са Шклоўшчыны Віктар Петакоў» – дзявяты выпуск серыйнага выдання «Аўдыяатлас традыцыйнай музычнай культуры Беларусі». Яна працягвае адну з ліній серыі, якая прысвечана «партрэтам» выдатных носьбітаў народных музычных традыцый Беларусі. У цэнтры новай аўдыякалекцыі – творчасць спевака-самародка Віктара Петакова, сапраўднага карыфея народнага музычнага мастацтва. Яго спеўнае майстэрства шырока вядома ў Беларусі і па-за яе межамі дзякуючы этнаграфічнаму фільму Зінаіды Мажэйка «Пранясі, Божа, хмару» (Беларусьфільм, «Летапіс», 1990). Віктар Аляксеевіч браў удзел у шматлікіх фестывалях, аглядах, конкурсах песеннага мастацтва раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. У 2015 годзе ён выступіў на музычна-этнаграфічным канцэрце «Спеўныя стылі ўсходняй Беларусі» Міжнароднага фестывалю этнакультур, які адбыўся ў межах ХХІV Міжнародных навуковых чытанняў памяці Л. С. Мухарынскай (Мінск, Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі). Калекцыя заснавана на матэрыялах экспедыцыйнага абследавання Шклоўскага раёна, праведзенага ў 2014 годзе метадыстамі кабінета традыцыйных музычных культур – Т. Канстанцінавай і кандыдатам мастацтвазнаўства В. Прыбыловай.

CD 1 «Каляндарны песенна-абрадавы цыкл. Умоўна-прымеркаваныя і непрымеркаваныя песні» складаюць два раздзелы. У першым пададзены песенныя ўзоры калядных (№ 1, 2, 4, 6, 7), масленічных (№ 10, 12), паставых (№ 14, 15), велікодных (№ 16, 18), купальскай (№ 19), жніўнай (№ 20) і восеньскай (№ 22), а таксама паданне (№ 21) і этнаграфічныя апісанні мясцовых абрадаў каляндарна-земляробчага цыкла (№ 3, 5, 8, 9, 11, 13, 17, 19). Другі раздзел уключае песні, умоўна прымеркаваныя да пэўных абставін выканання – «на ўлазіных, як пастроіш новую хату» (№ 23), «застольная» (№ 24) і непрымеркаваныя – балады, узоры сацыяльнай і любоўнай лірыкі (№ 25–29).

CD 2 «Сямейна-радавы песенна-абрадавы цыкл» змяшчае песенныя ўзоры і этнаграфічныя расказы, якія даюць разгорнутае ўяўленне пра паслядоўнасць этапаў традыцыйнага вяселля (№ 1–24), радзінны рытуал (№ 25–31), а таксама пахавальны абрад, пазначаны як рэгіянальнай, так і канфесійнай спецыфікай (№ 32–36).

Серыя «Аўдыяатлас традыцыйнай музычнай культуры Беларусі» заснавана на матэрыялах Фонаархіва этнамузыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і прэзентуе вынікі экспедыцыйна-палявых даследаванняў этнамузыколагаў БДАМ 1960-х – 2010-х гг. Папярэнія выпускі серыі: «Музычныя традыцыі Масленіцы Беларускага Падняпроўя» (2006. Вып. 1. Склад. В. Прыбылова), «Надзежда Адамаўна Швед» (2007. Вып. 2. Склад. К. Крывашэйцава), «Этнапесенныя традыцыі Беларусі ў экспедыцыйна-палявых запісах Л.С. Мухарынскай» (2012. Вып. 3. Склад. К. Крывашэйцава, Т. Бярковіч, Т. Якіменка), «Песенна-гульнявыя традыцыі ў каляндарна-земляробчай культуры Беларусі: Ваджэнне Казы. Жаніцьбa Цярэшкі» (2012. Вып. 4. Склад. Т. Бярковіч),  «Этнамузычныя традыцыі паўночнабеларускага рэгіёну: Сенненшчына» (2014. Вып. 5. Склад. Т. Канстанцінава, В. Прыбылова), «Каляндарна-песенныя традыцыі заходнепалеска-панямонскага памежжа» (2015. Вып. 6. Склад. Н. Даніловіч), «Каляндарна-песенная традыцыя паўночнабеларускага рэгіёну ў экспедыцыйна-палявых запісах Т.С. Якіменка» (2016. Вып. 7. Склад. Т. Бярковіч, Т. Канстанцінва, В. Прыбылова), «Этнамузычныя традыцыі ўсходнебеларускага рэгіёну: Чавушчына» (2016. Вып. 8. Склад. Т. Бярковіч, Т. Канстанцінава, В. Прыбылова).