• Новости

Фестываль «Парад духавых камерных ансамбляў»

15.03.2022

З 1 па 4 сакавіка 2022 года ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі з вялікім поспехам прайшоў фестываль «Парад духавых камерных ансамбляў» – буйны адукацыйна-творчы праект, накіраваны на ўдасканаленне ігры ў ансамблі, вывучэнне сучасных прыёмаў камернага выканальніцтва і засваенне перадавога вопыту вядомых айчынных і замежных музыкантаў камерных ансамбляў.

Актыўны удзел у арганізацыі мерапрыемстваў фестывалю прымаў аркестравы факультэт Акадэміі і непасрэдна выкладчыкі і студэнты кафедры драўляных духавых інструментаў.

Праграма фестывалю склалася цікавая і разнастайная. У першы дзень адбыўся канцэрт квартэта кларнетыстаў (кіраўнік – загадчык кафедры драўляных духавых інструментаў, прафесар, доктар культуралогіі Уладзімір Паўлавіч Скараходаў), ансамбля флейтыстаў «Німфы» (кіраўнік – дацэнт кафедры драўляных духавых інструментаў Ніна Васільеўна Аўраменка), ансамбля флейтыстаў «Impressions» (кіраўнік – дацэнт кафедры драўляных духавых інструментаў Святлана Іосіфаўна Сітнікава) і трыо кларнетыстаў (кіраўнік – дацэнт кафедры драўляных духавых інструментаў Іван Леанідавіч Брычыкаў).

На другі дзень яскравую канцэртную праграму прадставілі ансамблі з ліку навучэнцаў аддзялення духавых і ўдарных інструментаў Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

3 сакавіка адбыўся канцэрт ансамбляў духавых інструментаў Акадэміі (кіраўнік – прафесар кафедры драўляных духавых інструментаў Уладзімір Уладзіміравіч Будкевіч).

Завяршыўся фестываль канцэртам двух творчых калектываў – ансамбля саксафаністаў Акадэміі (кіраўнік – дацэнт кафедры драўляных духавых інструментаў Георгій Іосіфавіч Казадой) і аркестра саксафонаў BELSAXO (кіраўнік – выкладчык Мінскага музычнага каледжа імя М.І.Глінкі Павел Іванавіч Казак).