• Навiны

Выстава “Званы вечнасці”

22.03.2023

Бібліятэка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі прадстаўляе тэматычную выставу “Званы вечнасці”, прымеркаваную да 80-годдзя Хатынскай трагедыі (22.03.1943).

22 сакавіка 1943 года здарылася беспрэцэдэнтная трагедыія. Разам з хатамі і жыхарамі, была спалена беларуская вёска Хатынь: усяго 149 чалавек, з іх 75 дзяцей, самому малодшаму было ўсяго 7 тыдняў. Гэта вёска стала сімвалам трагедыі беларускага народа, журботнай старонкай гісторыі часоў Вялікай Айчыннай вайны.

У памяць сотням знішчаных беларускіх вёсак і вялізнага ўкладу беларускага народа, які прынёс незлічоныя ахвяры ў імя Перамогі, у 1969 годзе на месцы спаленай вёскі быў адкрыты мемарыяльны комплекс “Хатынь”. З тых самых часоў званы Хатыні звоняць ва ўсю моц: «Памятайце! Праз стагоддзі, праз гады, – памятайце! Пра тых, хто ўжо не прыйдзе ніколі, – памятайце!..»

На выставе экспануюцца кнігі, часопісы, артыкулы з навуковых зборнікаў, мастацкая літаратура, альбомы з ілюстрацыямі, фотаздымкі, нотныя выданні, аўдыёзапісы твораў беларускіх кампазітараў, прысвечаныя Хатыні. Асаблівую цікавасць уяўляе прадстаўлены на выставе дакументальны фільм “І будзе жыць Хатынь”, які распавядае пра гісторыю вёскі з моманту яе ўзнікнення да цяперашняга часу.

Экспазіцыя размяшчаецца ў каб. 40 навучальнага корпуса № 1 (вул. Інтэрнацыянальная, 30) з 21 сакавіка па 12 красавіка 2023 года.