- Белорусская государственная академия музыки -

https://bgam.by/be

-

Тэматычная выстава «Знакавыя асобы беларускага музыказнаўства»: прымеркаваную да 120-годдзя з дня нараджэння Лідзіі Саулаўны Мухарынскай (1906-1987) і 100-годдзя з дня нараджэння Калерыі Іосіфаўны Сцепанцэвіч

Бібліятэка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі прадстаўляе тэматычную выставу «Знакавыя асобы беларускага музыказнаўства»: прымеркаваную да 120-годдзя з дня нараджэння Лідзіі Саулаўны Мухарынскай (1906-1987) і 100-годдзя з дня нараджэння Калерыі Іосіфаўны Сцепанцэвіч (1926-2021) ‒ карыфеяў беларускага музычнага мастацтва, навукі і педагогікі.

Таленавітыя, бясконца адданыя сваёй справе, гэтыя выдатныя жанчыны-педагогі прысвяцілі жыццё музыцы і сваёй Alma mater.

Лідзія Саулаўна Мухарынская – заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1974), музыказнаўца, кандыдат мастацтвазнаўства (1968), член Саюза кампазітараў БССР, рознабакова адукаваны этнограф, уважлівы, церпялівы настаўнік. Сваё жыццё яна прысвяціла беларускай народнай песні ‒ найкаштоўнейшаму здабытку і духоўнай спадчыне беларускага народа. Яе фундаментальныя даследчыя працы трывала ўвайшлі ў савецкую навуку, сталі своеасаблівымі падручнікамі для студэнтаў музычных ВНУ.

У Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі Лідзія Саулаўна працавала больш за 40 гадоў. Многія беларускія кампазітары і музыказнаўцы ў той ці іншай ступені з’яўляюцца яе вучнямі. У гады працы ў кансерваторыі былі напісаны асноўныя навуковыя работы, праводзілася інтэнсіўная экспедыцыйная праца па збіранні фальклору (больш за 30-гадовы «палявы стаж»). Па ініцыятыве Мухарынскай Л. С. у кансерваторыі быў створаны кабінет народнай музыкі.

Лідзія Саулаўна – удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Усе ваенныя гады, будучы добраахвотнікам, яна ў якасці санінструктара знаходзілася ў дзеючай Савецкай Арміі. Удзельнічала ў вызваленні Беларусі, прайшла ў складзе 31-й арміі да Кёнігсберга. Узнагароджана ордэнам Айчыннай вайны II ступені, значком “За выдатную працу” Міністэрства культуры СССР, Ганаровымі граматамі Міністэрства культуры БССР.

Калерыя Іосіфаўна Сцепанцэвіч – кандыдат мастацтвазнаўства, заслужаны работнік вышэйшай школы БССР (1976), прафесар (1982), Ганаровы прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (2016), прапрацавала ў кансерваторыі больш за 60 гадоў. Яе характарызуюць выключная шматграннасць інтарэсаў і нястомная прага пазнання ў многіх галінах музычнага мастацтва і навукі. Карэлія Іосіфаўна аўтар больш за 250 навуковых і метадычных работ, падручнікаў і навучальных дапаможнікаў па беларускай музыцы, складальнік і рэдактар ​​зборнікаў артыкулаў. Ажыццяўляла навуковае кіраўніцтва кандыдацкімі і магістарскімі дысертацыямі, дыпломнымі працамі студэнтаў.

Глыбокія шматбаковыя веды, неверагодная працаздольнасць і прадуктыўнасць навуковай і педагагічнай дзейнасці Калерыі Іосіфаўны адзначаны ўрадавымі ўзнагародамі, у тым ліку ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі «За працоўную адзнаку», «Ветэран працы», медалём Францыска Скарыны, ганаровымі граматамі.

На выстаўцы прадстаўлены манаграфіі, артыкулы з часопісаў, навуковых прац і зборнікаў, матэрыялы навукова-практычных канферэнцый, навукова-даследчыя работы беларускіх музыказнаўцаў, выкладчыкаў і аспірантаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, фотадакументы.

Экспазіцыя выставы размяшчаецца на 6 паверсе Ліфтавага хола навучальнага корпуса № 3 (вул. П. Броўкі, 22) з 23 сакавіка па 30 чэрвеня 2026 года.