Бібліятэка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі прадстаўляе тэматычную выставу “Леа Дэліб – сімвал рамантычнага французскага балета”: да 190 –годдзя з дня нараджэння (1836 – 1917).
Клеман Філібер Леа Дэліб ̶ адзін з найбуйнейшых французскіх кампазітараў другой паловы 19 стагоддзя. Член Акадэміі выяўленчых мастацтваў і музыкі Францыі (1884). Вядомы галоўным чынам як стваральнік балетаў, опер, аперэт. Зрабіў вялікі ўклад у развіццё балета як самастойнай музычнай формы.
Леа Дэліб закончыў Парыжскую кансерваторыю. Займаўся па класе органа ў Франсуа Бенуа і па класе кампазіцыі ў Адольфа Адана, Фелікса ле Купэ і Франсуа Базена. Працаваў акампаніятарам «Тэатра лірык» і царкоўным арганістам у парыжскіх саборах, даваў урокі ігры на фартэпіяна, удзельнічаў у якасці піяніста ў бальных святах, быў 2-м хормайстрам тэатра «Гранд-Опера». З 1881 г. прафесар Парыжскай кансерваторыі (клас кампазіцыі).
Еўрапейскую вядомасць прынеслі кампазітару 3 оперы: “Так казаў кароль” (1873), “Жан дэ Нівель” (1880) і асабліва опера “Лакмэ” (1883).
Але найбольшых вышынь Леа Дэліб дасягае ў вобласці балета. Ён выступае смелым наватарам і першым з заходнееўрапейскіх кампазітараў развівае драматычны пачатак у танцы, абраўшы метад сімфанізацыі балетнай музыкі.
Першы балетны вопыт Л. Дэліба – балет «Ручай» (1866). Але сапраўдны трыумф чакаў кампазітара ў 1870 году, калі ў Парыжскай оперы быў пастаўлены балет “Капелія”, або “Дзяўчына з эмалевымі вачыма” па навэле Гофмана “Пясочны чалавек”. Менавіта гэты балет прынёс Дэлібу сусветную папулярнасць. Слава стала спадарожнічаць Дэлібу і ў 1875 годзе, пасля стварэння ім апошняга балета «Сільвія» па драматычнай пастаралі Тарквата Таса «Амінта».
“Капелія” і “Сільвія” ̶ першыя сімфанічныя балеты, якія аказалі значны ўплыў на далейшае развіццё музычна-харэаграфічнага мастацтва 19-20 ст.
Леа Дэліб напісаў звыш 30 опер і аперэт, 20 рамансаў, месу, некалькі дзіцячых хароў, лірычную сцэну «La mort d’Orphée». Творы кампазітара карыстаюцца сусветнай вядомасцю.
На выставе прадстаўлены энцыклапедычныя, навуковыя, нотныя выданні і аўдыёматэрыялы.
Экспазіцыя размяшчаецца ў ліфтавым холе 6 паверха навучальнага корпуса № 3 (вул. П. Броўкі, 22) з 20 лютага па 27 сакавіка 2026 года.



