Бібліятэка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі прадстаўляе тэматычную выставу: “І зноў гучыць паланэз!”: да 260-годдзя з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага (1765–1833), нашага славутага земляка, кампазітара, дыпламата, мецэната, палітыка, дзяржаўнага дзеяча.
Будучы прадстаўніком літоўска-польскага княжацкага роду Агінскіх, Міхал Клеафас вырас у высокаадукаванай шляхецкай сям’і і атрымаў годную адукацыю. Ужо з малых гадоў сур’ёзна захапіўся тэатральным мастацтвам і музыкай. Умеў іграць на многіх музычных інструментах, асабліва добра на фартэпіяна, скрыпцы, арфе і віяланчэлі.
Кампазітарскую дзейнасць пачаў у 90-я г. XVIII ст. У гэты перыяд ён напісаў шматлікія баявыя песні, маршы, паланэзы. Сёння вядома каля 60 яго фартэпіянных і вакальных твораў, у тым ліку 26 паланэзаў, 4 маршы, 3 мазуркі, галоп і менуэт, опера “Зяліда і Валькур, або Банапарт у Каіры”, напісаная на ўласнае лібрэта. Але найбольшую вядомасць атрымаў створаны ім у 1794 г. знакаміты паланэз «Развітанне з Радзімай» (паланэз Агінскага), які ўжо больш за два стагоддзі застаецца самым вядомым і самым папулярным у свеце творам, лепшым узорам класічнай музыкі.
На выставе прадстаўлены навуковыя і навукова-папулярныя выданні, якія раскрываюць асноўныя этапы жыцця і творчай дзейнасці М. К. Агінскага, манаграфіі і артыкулы вядомых беларускіх і замежных даследчыкаў, нотныя выданні музычных твораў М. К. Агінскага – паланэзы, вальсы, мазуркі, менуэты, п’есы для фартэпіяна. Выстава дапоўнена CD-дыскамі і ілюстрацыйным матэрыялам.
Экспазіцыя выставы размяшчаецца ў ліфтавым холе 6 паверха навучальнага корпуса № 3 (вул. П. Броўкі, 22) з 28 жніўня па 10 снежня 2025 г.