- Белорусская государственная академия музыки -

https://bgam.by/be

-

Тэматычная выстава “Беларускія жанчыны-кампазітары”: да Міжнароднага жаночага дня 8 Сакавіка і Года беларускай жанчыны.

Бібліятэка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі прадстаўляе тэматычную выставу “Беларускія жанчыны-кампазітары”: да Міжнароднага жаночага дня 8 Сакавіка і Года беларускай жанчыны.

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 2026 год аб’яўлены Годам беларускай жанчыны. Гэтае рашэнне стала сімвалам павагі да ролі жанчыны ў жыцці дзяржавы, і падкрэсліла прыярытэты, звязаныя з сям’ёй, працай і клопатам. Кіраўнік дзяржавы А. Р. Лукашэнка зазначыў: “Без кахання да жанчыны сапраўднага кахання быць не можа”.

Жанчыны актыўна ўдзельнічаюць ва ўсіх сферах жыцця краіны, у тым ліку фарміруюць культурнае аблічча нашага часу, робяць жыццё навакольных больш яркім і гарманічным. Але сярод іх ёсць асабіста ўнікальныя прадстаўніцы прыгожага полу, якія раўнапраўна і ўпэўнена адчуваюць сябе ў такой традыцыйна мужчынскай дзейнасці, як сачыненне музыкі.

Беларуская кампазітарская школа прадстаўлена шэрагам таленавітых жанчын-кампазітараў, што ўнеслі важкі ўклад у нацыянальнае музычнае мастацтва. Гэта Эдзі Майсееўна Тырманд – першая выпускніца-кампазітар Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, Галіна Гарэлава – адзін з самых выконваемых сучасных кампазітараў Беларусі, Алена Атрашкевіч – з 2019 года старшыня Беларускага саюза кампазітараў, таксама Людміла Шлег, Ларыса Мурашка, Ларыса Сімаковіч, Аліна Безенсон, Ганна Короткіна, Валянціна Сярых, Любоў Сыцько і інш. Іх музыка вызначаецца жанравай разнастайнасцю, высокім мастацкім густам, духоўнасцю, лірычнай дамінантай, эмацыйнай напоўненасцю.

Творчасць гэтых таленавітых жанчын узбагаціла беларускае музычнае мастацтва, прыўнесла ў яго новыя фарбы і глыбіню. Сваёй стваральнай працай яны памнажаюць унікальную культурную спадчыну Беларусі.

На выставе прадстаўлены матэрыялы аб жыцці і творчасці шасці  беларускіх жанчын-кампазітараў: Э. Тырманд, Г. Гарэлавай, Л. Шлег, А. Атрашкевіч, А. Безенсон, Л. Мурашкі. Гэта даведачныя і энцыклапедычныя выданні, зборнікі артыкулаў, матэрыялы навуковых канферэнцый, фотаздымкі, нотныя і аўдыёвізуальныя дакументы.

Экспазіцыя выставы знаходзіцца ў чытальнай зале (210 каб. вучэбнага корпуса № 3, вул. П. Броўкі, 22) з 03 сакавіка па 31 сакавіка 2026 года.

Супрацоўнікі бібліятэкі віншуюць са святам цудоўную палову Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і жадаюць ім новых творчых вышынь, сямейнага дабрабыту і веры ў сябе!