Кафедра спеваў

Шчарбакова Людміла Іванаўна

Пасада: Дацэнт кафедры спеваў
Вучонае званне: Дацэнт
Адукацыя: Беларуская дзяржаўная кансерваторыя ім. А. В. Луначарскага (1978 г.), асістэнтура-стажыроўка БГК ім. А. В. Луначарскага (1986 г.)
Выкладаемыя дысцыпліны: Сольныя спевы, канцэртна-камерныя спевы, мастацтва выканальніцкай інтэрпрэтацыі


Л.І.Шчарбакова з’яўляецца дацэнтам кафедры спеваў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, працуючы на гэтай пасадзе з 22.03.2012. Стаж педагагічнай працы ў Акадэміі складае 17 гадоў, агульны працоўны стаж – 44.

Творчую дзейнасць Шчарбакова Л.І. пачала ў 1978 г. у якасці салісткі оперы Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета РБ. За гады працы ў тэатры (1978-2005 гг.) праспявала ўвесь вядучы рэпертуар для сапрана: больш за 30 оперных партый лірычнага і лірыка-драматычнага плана. Са спектаклямі і канцэртамі гастралявала ў краінах блізкага і далёкага замежжа, супрацоўнічала з найбуйнейшымі калектывамі Рэспублікі Беларусь, вядучымі рэжысёрамі і дырыжорамі, выбітнымі музыкантамі свайго часу.

Найбагацейшы музычны, сцэнічны і жыццёвы вопыт Шчарбаковай Л.І. знаходзіць свой выраз у педагогіцы. У 1991-1994 гг. яна вяла пастаноўку голасу на кафедры тэорыі музыкі БГК, з 2000 г. працавала выкладчыкам на кафедры сольнага спеву па сумяшчальніцтву, з 2005 г. – у штаце. Валоданне велізарным рэпертуарам (як оперным, так і камерна-вакальным), прафесіяналізм, выканальніцкае майстэрства, шматгадовая сумесная праца з таленавітымі партнёрамі абумовілі высокі ўзровень выкладання, творчы падыход да педагогікі.

У педагагічнай працы Л.І. Шчарбакова шырока выкарыстоўвае метады праблемнага навучання, якія актывізуюць творчае мысленне вучняў, іх ініцыятыўнасць, самастойнасць (групавыя заняткі, аналітычны разбор спеваў іншых студэнтаў, залучэнне студэнтаў да правядзення часткі ўрока пад наглядам выкладчыка, параўнанне розных выканальніцкіх трактовак аднаго і таго ж твора, і г. д.).

За перыяд з 2000 г. падрыхтавала больш за 50 спецыялістаў (выпускнікі 1 ступені адукацыі і магістранты), якія паспяхова працуюць па спецыяльнасці ў Белдзяржфілармоніі, Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэле ім. Р. Шырмы, хоры Тэлерадыё РБ, хоры «Санорус», Брэсцкай філармоніі, Брэсцкім каледжы мастацтваў, КНР. Дзякуючы высокай прафесійнай падрыхтоўцы, студэнты класа неаднаразова заваёўвалі званні лаўрэатаў і дыпламантаў на нацыянальных і міжнародных конкурсах. Іх выступленні адрозніваюць глыбіня, галасавая роўнасць, разуменне стылю выкананых твораў. За высокі прафесійны ўзровень падрыхтоўкі Л.І.Шчарбакова неаднаразова ўзнагароджвалася спецыяльнымі дыпломамі і граматамі (у гарадах Расіі, Украіны, Літвы).

Студэнты класа Л.І. Шчарбаковай прымаюць актыўны ўдзел ва ўсіх творчых мерапрыемствах Акадэміі музыкі: канцэртах, конкурсах, майстар-класах, канферэнцыях, супрацоўнічаюць з сучаснымі беларускімі аўтарамі. За вялікі ўклад у развіццё і прапаганду беларускага музычнага мастацтва, актыўную асветніцкую дзейнасць і высокі прафесіяналізм Л.І. Шчарбакова мае падзяку Беларускага саюза кампазітараў. Член Саюза тэатральных дзеячаў з 1979 г.

Публікацыі :

  • Шчарбакова, Л.І. Аб ролі педагагічнай дзейнасці Ксеніі Аляксееўны Драздовай у развіцці беларускага вакальна-выканальніцкага мастацтва / Л. І. Шчарбакова // Весці Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі: Навука-тэарэтычны часапіс. — 2014. — №25. С .187-195.
  • Шчарбакова, Л.І. Сольны спеў: 30 вакалізаў для высокага голасу [Ноты]: вучэбна–метадычны дапаможнік для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў па кірунку спецыяльнасці 1-16 01 10-01 спевы (акадэмічныя) / Л. І. Шчарбакова; Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь; Установа адукацыі «Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі». – Мінск: Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі, 2012. – 78 с.
pic pic pic