Кафедра опернай падрыхтоўкі і харэаграфіі

Елізар’еў Валянцін Мікалаевіч

Пасада: Прафесар кафедры опернай падрыхтоўкі і харэаграфіі
Вучонае званне: Прафесар
Ганаровае званне: Народны артыст СССР
Адукацыя: 1967 – Ленінградскае дзяржаўнае харэаграфічнае вучылішча імя А.Я.Ваганавай; 1973 – Ленінградская дзяржаўная кансерваторыя імя М.А.Рымскага-Корсакава
Выкладаемыя дысцыпліны: Трэнаж


Нарадзіўся 30.10.1947 ў г.Баку, Азербайджан.

У 1970 годзе стаў лаўрэатам Усесаюзнага конкурсу балетмайстраў у Маскве. У 1973 годзе запрошаны ў Дзяржаўны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі на пасаду галоўнага балетмайстра.

Пастаўленыя В.М.Елізар’евым на беларускай сцэне балеты: “Кармэн-сюіта” (1974), “Стварэнне свету” (1976), “Ціль Уленшпігель” (1978, 2004), “Спартак” (1980, абнаўленне ў 2017), “Шчаўкунок” (1982), “Карміна Бурана” (1983), “Балеро” (1984), “Вясна святая” (1986, 1997), “Рамэа і Джульета” (1988), “Дон Кіхот” (1989), “Страсці (Рагнеда)” (1995), “Жар-птушка” (1998), “Спячая прыгажуня” (2001) і інш.

У 1992-1996 узначальваў балетную трупу ДАВТ оперы і балета Беларусі, у 1996-2009 быў дырэктарам-мастацкім кіраўніком Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра балета Рэспублікі Беларусь. З верасня 2018 года – мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь.

У 1993 годзе балетмайстар удастоены спецыяльнай прэміі за лепшую сучасную харэаграфію VII Міжнароднага конкурсу артыстаў балета ў Маскве.

Падзеяй, якая атрымала сусветны грамадскі рэзананс, стала ўзнагароджанне В.М.Елізар’ева ў 1996 годзе званнем “Лепшы харэограф года” і прызам “Benois de la Danse”, заснаваным Міжнароднай асацыяцыяй танца і ўручаным у Парыжы.

Двойчы ўдастоены (1998, 2001) спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне харэаграфічнага мастацтва і ўклад у развіццё міжнародных культурных сувязяў Рэспублікі Беларусь, у 2001 годзе атрымаў Падзяку Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за ўдзел Вялікага тэатра Беларусі ў Днях культуры Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі. У 1997 годзе ўзнагароджаны Ордэнам Францыска Скарыны, у 2003 – ордэнам Айчыны III ступені, у 2007 – ордэнам Айчыны II ступені.

З 2003 года з’яўляецца членам Савета Еўропы па культуры.

У 2007 годзе В.М.Елізар’еву прысвоена званне “Ганаровы грамадзянін г.Мінска”.

У 2011 годзе ўдастоены Нацыянальнай тэатральнай прэміі, у 2012 – галоўнага прыза Саюза тэатральных дзеячоў Беларусі “Крыштальная Паўлінка”.

У 2016 годзе ўдастоены медаля ЮНЕСКА “Пяць кантынентаў”.

У 2017 годзе стаў Чалавекам года ў сферы культуры.

Лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за 2017-2018 гады.

Уладальнік Спецыяльнай прэміі за ўклад у развіццё тэатральнага мастацтва Беларусі VI Рэспубліканскага конкурсу “Нацыянальная тэатральная прэмія” (2021).

В.М.Елізар’еў ставіў спектаклі ў Санкт-Пецярбургу (“Ціль Уленшпігель” у Ленінградскім акадэмічным тэатры оперы і балета ім.Кірава), Маскве (“Настрой” у Вялікім тэатры Саюза ССР; “Класічная сімфонія”, “Паэма” у Дзяржаўным канцэртна-харэаграфічным ансамблі “Класічны балет”), Любляне (“Жызэль” у Тэатры оперы і балета), Стамбуле (“Дон Кіхот” у Тэатры оперы і балета), Варшаве (харэаграфічны трыпціх “Балеты Валянціна Елізар’ева” ў Варшаўскім Вялікім тэатры), Токіа (“Эсмеральда” у балетнай трупе NBA, “Дон Кіхот” і “Лебядзінае возера” ў Japan Ballet Association), Анкары (“Спартак” у Тэатры оперы і балета), Каіры (“Спартак” у Каірскім оперным тэатры) і інш.

На працягу 2017-2019 на сцэне Вялікага тэатра Беларусі В.М.Елізар’евым створаны новыя аўтарскія рэдакцыі балетаў “Спартак” А.Хачатурана, “Рамэа і Джульета” С.Пракоф’ева, “Стварэнне свету” А.Пятрова і зроблена аднаўленне балета Р.Шчадрына “Кармэн-сюіта”.

В.М.Елізар’еў абраны акадэмікам Міжнароднай славянскай акадэміі навук, адукацыі, мастацтваў і культуры (1996), акадэмікам Пятроўскай акадэміі навук і мастацтваў (1997). З’яўляецца прафесарам Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі з 1994 года, больш за чатыры дзесяцігоддзі ўзначальвае беларускую харэаграфічную школу падрыхтоўкі кадраў.

На працягу многіх гадоў з’яўляецца старшынёй журы Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі ў Віцебску, членам журы міжнародных конкурсаў балета ў Варне (Балгарыя), Маскве, Сочы, Казані, Новасібірску, Грозным (Расія), Нагое (Японія), Кіеве (Украіна), Джэксане (ЗША), Шанхаі і Пекіне (Кітай).

pic pic pic