- Белорусская государственная академия музыки -

https://bgam.by/be

-

Гісторыя кафедры гісторыі музыкі і музычнай беларусістыкі

Кафедра гісторыі музыкі і музычнай беларусістыкі ўтворана ў верасні 2017 года ў выніку аб’яднання кафедры гісторыі музыкі з кафедрай беларускай музыкі. У выніку ў адным структурным падраздзяленні  сканцэнтраваліся ўсе спецыялісты-гісторыкі, якія працуюць у Акадэміі музыкі.

Забеспячэнне адукацыйнага працэсу па дысцыплінах музычна-гістарычнага цыкла і разгортванне даследчыцкай дзейнасці гістарычнай праблематыкі стала прыярытэтам у рабоце кафедры кампазіцыі, гісторыі і тэорыі музыкі, якая пачала работу  з першага дня заснавання Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі ў 1932 г. Важную працу па першапачатковай арганізацыі навучальнага працэсу выканаў кампазітар Мікалай Ільіч Аладаў, які прыступіў да працы на кафедры ў 1932 годзе. Выхаванец Пецярбургскай кансерваторыі, кампазітар Васіль Андрэевіч Залатароў узначаліў кафедру ў 1933 годзе. Ён заклаў класічны фундамент адукацыі, імкнуўся да развіцця творчых даных навучэнцаў, да іх гістарычна накіраванага агульнамузычнага выхавання.

Метадалагічнай глебай першых даследаванняў у галіне гісторыі музыкі і фалькларыстыкі стала ўвага да сучаснага кампазітарскага працэсу і яго агульнаславянскіх традыцый. У якасці выкладчыкаў гісторыі музыкі былі прыцягнутыя высокаадукаваныя спецыялісты. Юльян Мікалаевіч Дрэйзін (выпускнік МДК, клас кампазіцыі Г. Канюса) быў вядомы як таленавіты эсэіст, перакладчык, прапагандыст сусветнай мастацкай класікі. Алена Сямёнаўна Берлянд-Чорная (выпускніца МДК) чытала курс гісторыі замежнай музыкі і даследавала аўстрыйскі музычны тэатр. Лідзія Саулаўна Мухарынская з 1939 года выкладала курсы народнай музычнай творчасці, гісторыі рускай і савецкай музыкі, з 1947 года пад яе кіраўніцтвам ажыццяўляліся штогадовыя фальклорныя экспедыцыі студэнтаў, фарміраваліся асновы беларускай этнамузыкалогіі. Значную вучэбную і метадычную  працу вяла вучаніца В. Залатарова  Сіма Герасімаўна Нісневіч, якая актыўна супрацоўнічала з Акадэміяй навук БССР, з “Беларускай энцыклапедыяй”, перыядычнымі выданнямі, з навучальнымі аддзеламі выдавецтваў, кіравала музычным лекторыем кансерваторыі. С. Н. Нісневіч спалучала даследчыцкую цікаўнасць да нацыянальнай гісторыі, беларускага фальклору і сучаснай кампазітарскай творчасці. З канца 1930-х і ў пасляваенныя гады на кафедры выкладалі гісторыю музыкі таксама выпускнікі МДК Аляксей Уладзіміравіч Карповіч, Ізраіль Уладзіміравіч Нэсцьеў, Браніслаў Сільвестравіч Смольскі, выхаванка ЛДК Вера Аляксандраўна Сізко (Гадлеўская).

У 1957 годзе кафедру кампазіцыі, гісторыі і тэорыі музыкі ўзначаліў выпускнік ДМПІ імя Гнесіных, музыказнаўца-гісторык Георгій Сямёнавіч Глушчанка. Гістарычная секцыя кафедры ўмацавалася навукова і метадычна. Новая дысцыпліна “Спецыялізацыя” ўзбагаціла прафесійныя кантакты выпускнікоў з беларускімі навучальнымі і навуковымі ўстановамі, з філармоніяй, радыё, тэлебачаннем. Аўтарскі калектыў выкладчыкаў-гісторыкаў, у склад якога ўваходзілі Георгій Сямёнавіч Глушчанка, Лідзія Саулаўна Мухарынская, Сіма Герасімаўна Нісневіч, Калерыя Іосіфаўна Сцепанцэвіч, Таісія Аляксееўна Шчарбакова, пачаў працу над падручнікам “Гісторыя беларускай савецкай музыкі” – першым у серыі падручнікаў па музычнай літаратуры для кансерваторый і вучылішчаў (выдадзены ў 1971 годзе на беларускай мове, у 1976-м на рускай). Адначасова на кафедры даследваліся тэмы з гісторыі рускай культуры ХІХ ст.: публіцыстыка М. Кашкіна аналізавалася ў працах Г. С. Глушчанкі, тэксталагічныя праблемы «Барыса Гадунова» М. Мусаргскага ‑ у працах Т. А. Шчарбаковай.

Павелічэнне колькасці выкладчыкаў прывяло ў 1967 годзе да вылучэння кафедры гісторыі музыкі ў самастойную структуру (першы загадчык – Г. С. Глушчанка). У 1970-х–80-х гадах да працы на кафедры былі  запрошаныя выпускніцы БДК – Людміла Анатольеўна Волкава, Валянціна Аляксееўна Антаневіч, Ларыса Філіпаўна Касцюкавец, Радаслава Мікалаеўна Аладава, Ала Уладзіміраўна Валадковіч. Навуковымі працамі аспірантаў кіравалі прафесары А. Дзмітрыеў (ЛДК), Т. Папова (ДМПІ імя Гнесіных), дацэнты М. Брук (ДМПІ імя Гнесіных) і Л. Мухарынская (БДК). У гэтыя гады склаўся прафесійна трывалы калектыў педагогаў-гісторыкаў. У 1975–1979 гадах кафедрай гісторыі музыкі кіравала Галіна Рыгораўна Куляшова, якая стварыла і метадычна абгрунтавала спецыяльны курс «Асновы опернай драматургіі» для студэнтаў-музыказнаўцаў.

У 1970-х гадах была працягнута навуковая распрацоўка курса “Гісторыя беларускай савецкай музыкі”. З’явіліся арыгінальныя даследаванні пра кантавую культуру Беларусі (Л. Ф. Касцюкавец), паліфонію ў беларускай сімфанічнай музыцы (Р. М. Аладава). Акрамя беларускага, на кафедры развіваліся яшчэ тры даследчыя напрамкі, якія ў 1980-х гадах адзначыліся з’яўленнем манаграфій і абаронамі доктарскіх дысертацый:  па праблемах кампазіцыі і драматургіі оперы (Г. Р. Куляшова, ІМФЭ, Кіеў, 1982), тэарэтыка-метадалагічных асноў рускай музычнай крытыкі XIX ‑ пачатку ХХ стст. (Г. C. Глушчанка, ІМФЭ, Кіеў, 1984), фарміравання нацыянальнага стылю рускай школы на аснове кантактаў музыкі гарадскога побыту і рускай класікі XIX ст. (Т. А. Шчарбакова, ІГМ, Масква, 1989).

У 1991 годзе былі створаны дзве самастойныя структуры: кафедра беларускай музыкі на чале з Тамарай Сямёнаўнай Якіменка і кафедра гісторыі музыкі на чале з Таісіяй Аляксееўнай Шчарбаковай.

У педагагічны склад кафедры гісторыі музыкі ўвайшлі новыя спецыялісты, кандыдаты мастацтвазнаўства: Алена Маратаўна Гарахавік (скончыла МДК і аспірантуру па класе прафесара Дж. К. Міхайлава), Эльвіра Анатольеўна Алейнікава (скончыла БДК па класе прафесара Н. М. Юдзеніч, аспірантуру у доктара мастацтвазнаўства Г. Р. Куляшовай), Ніна Самуілаўна Сцяпанская (скончыла БДК у прафесара К. І. Сцепанцэвіч, аспірантуру МДК у прафесара В. В. Медушэўскага), Антаніна Аляксееўна Карпілава (скончыла БДК па класе прафесара Н. М. Юдзеніч і аспірантуру ІМЭФ АН БССР у прафесара А. В. Красінскага). У 2005‑2017 гг. кафедру гісторыі музыкі ўзначальвала кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт Э. А. Алейнікава.

З адкрыццём у сярэдзіне 1990-х гадоў у Акадэміі музыкі аспірантуры выкладчыкі кафедры Т. А. Шчарбакова, Р. М. Аладава, А. М. Гарахавік, Э. А. Алейнікава ажыццяўляюць навуковае кіраўніцтва аспірантамі і суіскальнікамі. Заслугоўвае ўвагі скончаная ў 2005 годзе доктарская дысертацыя “Музычная культура Індыі як сістэма” А. М. Гарахавік і абароненыя пад яе навуковым кіраўніцтвам кандыдацкія дысертацыі замежных аспірантаў БДАМ, прысвечаныя музычным культурам Германіі, Турцыі, Іарданіі, Мексікі.

На працыгу 2000-х гг. умацаваліся сувязі адукацыйных і навуковых напрамкаў, якія аб’ядноўваюць гісторыю музыкі і этнамузыкалогію. У навучальных планах кафедры з’явіўся курс “Гісторыя музыкі краін Еўразіі”, які адлюстроўвае мастацкія дасягненні ў ХХ‑XXI стст. нацыянальных школ краін былога СССР. Былі ўведзены новыя навучальныя дысцыпліны “Музычныя культуры свету”, “Масавая музычная культура”.

Сярод значных навуковых прац выкладчыкаў кафедры гісторыі музыкі 2000-х гг. вылучаюцца манаграфія Р. М. Аладавай “Канстанцін Горскі і яго опера “Маргер” у кантэксце беларускай культуры” (2005) і вучэбны дапаможнік Л. А. Волкавай “Гісторыя беларускай музыкі ХХ стагоддзя. Сімфонія” (2009). Тэматычная і метадалагічная разнастайнасць навуковых інтарэсаў педагогаў і аспірантаў кафедры адлюстраваны ў зборніках артыкулаў “Пытанні гісторыі музыкі” (2002), “Старонкі гісторыі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі” (2007), “Беларускае гістарычнае музыказнаўства: навуковыя парадыгмы, тэндэнцыі, перспектывы” (2008), “Музыка і слова: алюзіі, кантакты, узаемадзеянні” (2012).

У 1991 годзе самастойным структурным падраздзяленнем Акадэміі стала кафедра беларускай музыкі. Стварэнне кафедры беларускай музыкі было інспіравана набыццём дзяржаўнай незалежнасці Рэспублікай Беларусь і актуалізацыяй культурнага руху да нацыянальных вытокаў. Адкрыццё кафедры беларускай музыкі з мэтай паглыбленага вывучэння айчыннай культуры і падрыхтоўкі музыказнаўцаў-беларусістаў аказалася ў шэрагу з’яў, якія адзначалі пачатак новага перыяду гісторыі Беларусі, яе культуры і навукі. Новая кафедра працягнула традыцыі, закладзеныя заснавальнікамі айчыннага музыказнаўства Юльянам Мікалаевічам Дрэйзіным і Сімай Герасімаўнай Нісневіч. Асаблівае значэнне ў працэсе фарміравання канцэпцыі кафедры мелі ідэі і погляды Лідзіі Саулаўны Мухарынскай. Дзве сферы інтарэсаў найбуйнейшага беларускага вучонага – этнамузыкалогія і гісторыя музыкі – склалі прыярытэтныя напрамкі вучэбнай і навуковай работы кафедры.

У першы склад кафедры ўвайшлі доктар мастацтвазнаўства Георгій Сямёнавіч Глушчанка, кандыдаты мастацтвазнаўства Тамара Сямёнаўна Якіменка, Ларыса Філіпаўна Касцюкавец, Валянціна Аляксееўна Антаневіч. У наступныя гады кафедра папоўнілася новымі супрацоўнікамі: да педагагічнай работы былі запрошаны кандыдаты мастацтвазнаўства Іна Дзмітрыеўна Назіна, Вольга Уладзіміраўна Дадзіёмава, выкладчыкі Тамара Уладзіміраўна Ліхач, Таццяна Леанідаўна Бярковіч, Лілія Фаільеўна Баранкевіч, Надзея Яўгенаўна Бунцэвіч. Амаль усе выкладчыкі кафедры беларускай музыкі сталіся выхаванцамі Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі (акадэміі музыкі). Кафедру ў розныя гады ўзначальвалі Т. С. Якіменка (1991–1996), І. Д. Назіна (1997–2002), В. А. Антаневіч (2002–2004), В. У. Дадзіёмава (2004–2017).

У кароткі тэрмін выкладчыкі кафедры абаранілі 4 доктарскія дысертацыі, у выніку чаго кафедра беларускай музыкі становіцца самым тытулаваным навуковым цэнтрам Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. У 1998 г. у Маскве адбылася абарона доктарскай дысертацыі І. Д. Назінай “Беларуская народная інструментальная музыка”. У 1999 годзе вучоная ступень доктара мастацтвазнаўства прысвойваецца В. А. Антаневіч за дысертацыю “Беларуская кампазітарская творчасць у яе сувязях з фальклорам: гісторыка-метадалагічнае даследаванне”. У 2003 годзе В. У. Дадзіёмава абараняе доктарскую дысертацыю па тэме “Музычная культура Беларусі XVIII стагоддзя: сацыягістарычнае даследаванне”. У 2012 г. адбылася абарона доктарскай дысертацыі Л. Ф. Касцюкавец «Стылістыка канта і яе ўвасабленне ў беларускай народнай песні».

Вучэбна-метадычная і навукова-даследчая работа кафедры была засяроджана на айчыннай музычнай культуры. Быў распрацаваны шырокі цыкл этнамузыкалагічных дысцыплін, які ўключаў у сябе “Музычны фальклор”, “Беларускі музычны фальклор”, “Беларускую народную інструментальную музычную культуру”, “Нотную транскрыпцыю музыкі вуснай традыцыі”, “Этнамузыкалогію Беларусі”, “Этнаграфію Беларусі”. Розныя перыяды беларускай музычнай гісторыі знайшлі адлюстраванне ў курсах “Музычная палеаграфія”, “Гісторыя літургічнай музыкі Беларусі”, “Гісторыя беларускай музычнай культуры да XX стагоддзя”, “Гісторыя беларускай музыкі XX стагоддзя”. Падрыхтоўцы спецыялістаў-беларусістаў садзейнічалі ўнікальныя навучальныя дысцыпліны “Музычнае крыніцазнаўства Беларусі”, “Беларускае мастацтвазнаўства і крытыка”,  “Этнамузыкалогія Беларусі” і інш. У аснову названых курсаў былі пакладзеныя навуковыя даследаванні выкладчыкаў кафедры і сабраны імі фактычны матэрыял (у выглядзе аўдыё-, відэа- і кінафіксацый народнай творчасці, архіўных дакументаў і нотных рукапісаў). Каб забяспечыць навучальны працэс па ўсіх напрамках, да работы на кафедры прыцягваліся вядучыя спецыялісты з сумежных галін: гісторыкі, мастацтвазнаўцы, філолагі, журналісты, культуролагі.

Вынікі навуковай дзейнасці педагогаў і выхаванцаў кафедры беларускай музыкі адлюстраваны ў шматлікіх публікацыях, напрыклад: вучэбны дапаможнік “Беларуская народная музычная творчасць” Л. Мухарынскай і Т. Якіменка (1993), манаграфія “Беларускiя народныя музычныя інструменты” І. Назінай (1997), “Слоўнік музычных тэрмiнаў” (1994), манаграфіі “Беларуская кампазітарская творчасць у яе сувязях з фальклорам” (1999) і “Беларуская музыка ХХ стагоддзя: Кампазітарская творчасць і фальклор” (2003) В. Антаневіч, “Тэорыя харальных спеваў на Беларусi» (1999) Т. Ліхач, «Нарысы гісторыі музычнай культуры Беларусі» (2000), «Музычная культура Беларусі: гісторыка-тэарэтычнае даследаванне» (2002), «Гісторыя музычнай культуры Беларусі да ХХ стагоддзя» (2012), «Музычная культура Беларусі Х–ХІХ стст.» (2015) В. Дадзіёмавай, «Сучасная беларуская этнамузыкалогія» Т. Якіменка (2004), «Стылістыка канта і яе ажыццяўленне ў беларускай народнай песні» (2006, 2008), «Рукапісны беларускі Ірмалой на квадратных лінейных нотах 091/28 “Наслаўнік царэвіча Яраслава”» (2011), “Фалькларызацыя канта” (2014) Л. Касцюкавец, “Жыццё і творчасць М. К. Агінскага ў каардынатах яго часу і культурнага асяроддзя» (2007) С. М. Немагай, «Музычны ландшафт песенна-абрадавых традыцый Масленіцы Верхняга Падняпроўя» В. Прыбыловай (2010), “Песенна-гульнявыя дзеі перыяду сонцавароту ў этнамузычнай традыцыі беларусаў” Т. Л. Бярковіч (2015), “Гімнаграфія праваслаўнага богаслужэння ў беларускай музычнай культуры XX –  пачатку XXI стагоддзя” К. Чарновай (2018). У адукацыйным працэсе выкарыстоўваюцца вучэбныя дапаможнікі “Пытанні этнамузыкалогіі” (2006) (склад. Т. Якіменка), навучальныя дапаможнікі (хрэстаматыі) “Музыка Беларусі эпохі Рэнесанса”, “Музыка Беларусі эпохі Барока” (2005), “Музыка Беларусі эпохі Класіцызма 2006) і «Музыка Беларусі эпохі Рамантызму» (2007, 2008) (склад. В. Дадзіёмава) і інш.

Адной з паспяховых ініцыятыў кафедры беларускай музыкі сталася правядзенне штогадовых Міжнародных навуковых чытанняў памяці Л. С. Мухарынскай, па выніках якіх публікуюцца зборнікі навуковых артыкулаў. Для маладых вучоных, аспірантаў і студэнтаў гэта канферэнцыя з’яўляецца важным стымулам даследчай дзейнасці. Выкладчыкі кафедры публікаваліся не толькі ў айчынных, але і замежных выданнях, прымалі ўдзел у міжнародных канферэнцыях, з’яўляліся аўтарамі і рэдактарамі радыё- і тэлепраграм, удзельнікамі музычна-асветніцкіх праектаў і фестываляў. Сумесна з міжнароднай арганізацыяй ЮНЕСКА выпушчаны аўдыёдыскі з запісамі беларускай музыкі XVII–XX стагоддзяў.

Прызнаннем высокіх заслуг у культурным жыцці краіны стала ўзнагароджанне супрацоўнікаў кафедры беларускай музыкі В. Антаневіч, І. Назінай, В. Дадзіёмавай, Т. Якіменка спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У 2013 годзе В. Дадзіёмава ўзнагароджана медалём Францыска Скарыны, у 2020-м – ганаровым званнем “Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь”.

У сапраўдны час галоўнымі напрамкамі вучэбнай і навуковай дзейнасці аб’яднанай кафедры гісторыі музыкі і музычнай беларусістыкі застаецца вывучэнне гісторыі беларускай і замежнай кампазітарскай творчасці, этнамузычных культур Беларусі і свету, этнаінструментазнаўства, духоўнай музыкі, музычнай палеаграфіі і медыевістыкі, музычнай тэксталогіі і крыніцазнаўства, музычнага краязнаўства. Перад выкладчыцкім складам кафедры стаіць мэта захавання і далейшага развіцця асноўных навуковых напрамкаў, зададзеных вядучымі беларускімі вучонымі-музыказнаўцамі мінулых гадоў.

У цэнтры ўвагі выкладчыкаў кафедры ‑ удасканаленне вучэбных планаў і праграм, распрацоўка новых курсаў і метадалагічнае абнаўленне старых. У навучальных планах па спецыяльнасці “мастацтвазнаўства (музыказнаўства)” на першай ступені адукацыі і “музыказнаўства і кампазіцыя” на другой з’явіліся спецыяльныя курсы “Уводзіны ў спецыяльнасць”, “Музычная тэксталогія”, “Метадалогія музыказнаўчага даследавання”, “Гісторыя, тэорыя і метадалогія музычнай крытыкі”, “Гісторыя беларускай літургічнай музыкі”, “Актуальныя напрамкі развіцця сучаснага музычнага мастацтва”, “Музычнае мастацтва ў аспекце развіцця медыясістэм і сродкаў масавай камунікацыі” і інш.

Кафедра з’яўляецца адным з лідараў па падрыхтоўцы кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі. Тэматыка даследаванняў аспірантаў і суіскальнікаў кафедры розных гадоў шырока адкрыта ў сучасную навуковую прастору.

Праблемам сучаснай беларускай музыкі розных жанраў прысвечаны даследаванні, напісаныя пад кіраўніцтвам В. А. Антаневіч:

Унікальныя музычна-гістарычныя крыніцы ўпершыню ўводзяцца ў навуковы ўжытак у даследаваннях па гісторыі беларускай музыкі XVI–XXI стст., якімі кіравала В. У. Дадзіёмава:

Праблемы музычнай медыевістыкі, бытавой музычнай культуры, нацыянальнай своеасаблівасці беларускай царкоўна-спеўнай культуры, лірыка-эпічных відаў айчыннага песенна-інструментальнага фальклору ўзнімаюцца ў кандыдацкіх дысертацыйных даследаваннях, падрыхтаваных у класе Л. Ф. Касцюкавец:

Унікальныя помнікі богаслужбовай музыкі Беларусі вывучаюцца дысертантамі пад навуковым кіраўніцтвам Т. У. Ліхач:

Тэатральная музыка і творчасць выдатных музычна-тэатральных кампазітараў Беларусі – у цэнтры ўвагі выхаванцаў класа Р. Н. Аладавай:

Яскравы блок дысертацый склалі работы па беларускай этнамузыкалогіі, падрыхтаваныя пад навуковым кіраўніцтвам Т. С. Якіменка і Т. Л. Бярковіч:

Праблемам інструментальнай беларускай народнай музыкі прысвечаны дысертацыі вучняў І. Д. Назінай:

Замежнай музыцы Еўропы, Амерыкі, Азіі прысвечаны змястоўныя дысертацыі беларускіх і замежных аспірантаў, падрыхтаваныя пад кіраўніцтвам Н. С. Сцяпанскай, А. М. Гарахавік, Л. А. Волкавай:

Шырокае кола пытанняў па праблемах жанраў інструментальнай і вакальнай музыкі распрацоўваецца на кафедры аспірантамі выканальніцкіх спецыяльнасцей:

Аспіранты – грамадзяне КНР даследуюць класічную спадчыну рускіх кампазітараў пад навуковым кіраўніцтвам вядучага спецыяліста ў галіне рускай музыкі XIX стагоддзя Э. А. Алейнікавай:

Сярод вядомых выхаванцаў музычна-гістарычных кафедр Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі ‑ доктар мастацтвазнаўства Людміла Сідаровіч, кандыдаты мастацтвазнаўства К. Бандарэнка, П. Баравік, Л. Баранкевіч, Т. Бярковіч, А. Даніловіч, І. Двужыльная, Н. Дожына, М. Казловіч, Н. Капыцько, К. Крывашэйцава, У. Лябецкі, С. Немагай, У. Неўдах, В. Марозава, В. Прыбылова, Т. Трафімчук, К. Чарнова.

Выпускнікі кафедр працуюць ва ўсіх установах музычнай адукацыі Беларусі. Выкладчыкамі ўніверсітэтаў і музычных каледжаў рэспублікі ў розны час былі кандыдаты мастацтвазнаўства В. Марозава, І. Двужыльная, А. Саковіч, Т. Мартынюк. У рэспубліканскіх каледжах і ДМШМ працуюць вопытныя выкладчыкі музычнай літаратуры В. Белюць, В. Бычкоўская, Л. Бяляўская, І. Дэйкала, А. Зусман, С. Калчанава, Г. Карасік, А. Капуста, С. Літвінава, Л. Ляшчэвіч, К. Манкевіч, І. Морых, М. Мурашка, Н. Нікіціна, В. Рагавая, В. Раманюк, С. Рудэнка, Т. Рэентовіч, Ю. Саевіч, А. Серакова, Ю. Тарануха, А. Шасцілоўская і інш. У якасці музычных рэдактараў, лектараў, крытыкаў, аўтараў і вядучых праграм СМІ працавалі і працуюць А. Агаркава, Л. Барадзіна, В. Брылон, І. Зубрыч, А. Калеснік, А. Калеснікава, І. Карпук, Л. Мітаковіч, Л. Хатэнка, Ж. Цыркунова, Э. Язерская  і інш.