- Белорусская государственная академия музыки -

https://bgam.by/be

-

Гісторыя кафедры аркестравага дырыжыравання і інструментоўкі

Кафедра аркестравага дырыжыравання заснавана ў 1968 годзе, але яшчэ да яе афіцыйнага ўтварэння на кафедры народных інструментаў арганізоўваліся класы оперна-сімфанічнага дырыжыравання: у 1937-1938 гадах І.Мусіным, у 1945 годзе А. Бронам, затым Р. Рубінштэйнам, у 1950-я гады I. Гітгарцам, М. Шнейдарманам, С. Ратнерам, У. Дуброўскім, у 1960-я – У. Катаевым. Творчыя, педагагічныя і арганізацыйныя ідэі гэтых выбітных дырыжораў  сталі асновай дзейнасці будучай кафедры, якую ў розныя гады ўзначальвалі вядомыя музыканты: дацэнты Ігар Букрееў (1968-75), Сяргей Кафанаў (1975-86), Аркадзь Берын (1986-97), Пётр Вандзiлоўскi (1997-2020). У цяперашні час загадчыкам кафедры аркестравага дырыжыравання i інструментоўкі з’яўляецца прафесар, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, уладальнік медаля Францыска Скарыны Вячаслаў Уладзіміравіч Кузняцоў.

За гады існавання кафедра прайшла вялікі шлях прафесійнага станаўлення і рэарганізацыйнага аднаўлення. З дырыжорскіх класаў, якія забяспечылі развіваючае навучанне у студэнтаў народнага аддзялення, яна вырасла ў складаную структуру міжфакультэцкага тыпу, у 1974 годзе была адкрыта асістэнтура-стажыроўка. Выпускнікі кафедры аркестравага дырыжыравання Іосіф Абрамiс, Юрый Васілеўскі, Леанід Іваноў, Міхаіл Казінец, Анатоль Лапуноў, Леў Лях, Рыгор Сарока, Міхаіл Фінберг, а таксама Мікалай Алданаў, Аркадзь Берын, Тамара Бялькова, Уладзімір Бармотаў, Пётр Вандзiлоўскi, Андрэй Галанаў, Генадзь Ермачэнкаў, Віктар Малых, Вячаслаў Чарнуха, Зоя Шаціла, Віктар Бабарыкін, Генадзь Багамолаў, Алег Лясун, Андрэй Іваноў, Іван Касцяхін, Аляксандр Высоцкі, Юрый Галяс, Мікалай Макарэвіч, Уладзімір Авадок, Юрый Караваеў ўнеслі вялікі ўклад у развіццё культуры нашай краіны.

На працягу многіх гадоў на кафедры навучаліся студэнты па спецыяльнасцях “дырыжор оперна-сімфанічнага аркестра”, “дырыжор камернага аркестра”, “дырыжор аркестра народных інструментаў”, “дырыжор аркестра духавых інструментаў”. Кафедра забяспечвала патрэбы прафесійных аркестраў дырыжорамі вышэйшай кваліфікацыі, камплектуючы дырыжорска-педагагічнымі кадрамі навучальныя установы Беларусі ўсіх узроўняў. Многія выпускнікі кафедры вядомы за межамі краіны дырыжоры, якія гастралююць, і кіраўнікі прафесійных аркестраў.

Гэтыя поспехі сталі магчымымі дзякуючы багатаму педагагічнаму патэнцыялу кафедры, дзе ў розны час працавалі выдатныя спецыялісты – Народны артыст Беларусі, прафесар Барыс Міхайлавіч Пенчук, Народны артыст Беларусі, прафесар Леў Барысавіч Муранаў, Народны артыст Беларусі, прафесар Генадзь Панцеляймонавіч Праватораў, Заслужаны артыст РБ, дацэнт Барыс Сцяпанавіч Чудакоў, дацэнты Пётр Віктаравіч Вандзiлоўскi, Генадзь Аляксандравіч Ермачэнкаў, Сяргей Іванавіч Кафанаў, старшы выкладчык Уладзімір Ільіч Міняеў, галоўны дырыжор Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра Юрый Васільевіч Галяс, дацэнт Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў Віктар Іванавіч Валатковiч, дацэнт Уладзімір Міхайлавіч Чэрнікаў, галоўны дырыжор аркестра Белдзяржтэлерадыёкампаніі Аляксандр Іванавіч Высоцкі і інш.

Сёння ў працы кафедры ўдзельнічаюць – Народны артыст Беларусі Міхаіл Іванавіч Берсан, дырыжор сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі і галоўны дырыжор сімфанічнага аркестра Брэсцкага драматычнага тэатра, дацэнт Аляксандр Пятровіч Сасноўскі, галоўны дырыжор Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра, Народны артыст Беларусі Аляксандр Міхайлавіч Анісімаў, кіраўнік рускага народнага аркестра БДАМ, старшы выкладчык Эльвіра Бахціяраўна Тахірава, кіраўнік камернага аркестра БДАМ, галоўны дырыжор музычнай капэлы» “Санорус”, старшы выкладчык Вячаслаў Вячаслававіч Ларын, старшы выкладчык Віталь Аляксандравіч Грышчанка, дырыжоры Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, заслужаны дзеяч мастацтваў РБ Мікалай Сяргеевіч Калядка, Юрый Аляксандравіч Караваеў, дырыжор Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра Мікалай Уладзіміравіч Макарэвіч, галоўны дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь дацэнт Максім Мікалаевіч Расоха.

З 1 верасня 2017 года кафедра аркестравага дырыжыравання была ператворана ў кафедру аркестравага дырыжыравання і інструментоўкі. У склад кафедры ўвайшлі вядомыя беларускія кампазітары: заслужаны дзеяч мастацтваў РБ, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, уладальнік медаля Францыска Скарыны прафесар Вячаслаў Уладзіміравіч Кузняцоў, заслужаны дзеяч мастацтваў РБ, прафесар Віктар Антонавіч Войцік, дацэнты Уладзімір Мікалаевіч Каральчук, Мікалай Канстанцінавіч Літвін, Сяргей Іванавіч Янковіч.

Да аб’яднання кафедра інструментоўкі існавала як асобная міжфакультэцкая кафедра (1989-1998 – загадчык Уладзімір Васільевіч Дарохін, 1998-2015-загадчык Вячаслаў Уладзіміравіч Кузняцоў). У розны час на кафедры працавалі вядомыя беларускія кампазітары і дырыжоры – Ігар Паўлавіч Архангельскі, Яўген Рыгоравіч Дзегцярык, Аляксандр Уладзіміравіч Дамарацкі, Уладзімір Яўгенавіч Солтан, Валерый Кірылавіч Іваноў, Яўген Дзмітрыевіч Ларыёнаў і інш.

У жніўні 2015 года кафедра была аб’яднана з кафедрай кампазіцыі (заг. кафедры – Галіна Канстанцінаўна Гарэлава), а з 1 верасня 2017 года ператворана ў кафедру аркестравага дырыжыравання і інструментоўкі (заг. кафедры – Пётр Віктаравіч Вандзiлоўскi  (2017-2020). З чэрвеня 2020 года кафедрай кіруе прафесар Вячаслаў Уладзіміравіч Кузняцоў. Аб’яднанне ўмацавала пазіцыі кафедры і ператварыла яе ў аўтарытэтны навукова-метадычны цэнтр у галіне мастацтва дырыжыравання і інструментоўкі.

На кафедры функцыянуюць тры навучальных аркестра – сімфанічны, камерны і духавы. Аркестравымі калектывамі і педагогамі вядзецца шырокая канцэртная і творчая дзейнасць, якая адпавядае філарманічным прафесійным стандартам. Кафедра з’яўляецца ініцыятарам і арганізатарам правядзення рэгулярных конкурсаў і фестываляў аркестравых і харавых калектываў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў Беларусі. На кафедры праводзіцца конкурс аркестравых дырыжораў, конкурсы на лепшую апрацоўку народных тэм і лепшую інструментоўку.

З 5 па 17 ліпеня 2013 года Маскоўская філармонія пры падтрымцы Міністэрства культуры Расіі праводзіла летні міжнародны майстар-клас для дырыжораў. Маладыя музыканты працавалі з акадэмічным сімфанічным аркестрам Маскоўскай філармоніі пад кіраўніцтвам Народнага артыста СССР Юрыя Сіманава. 16 ліпеня ў камернай зале філармоніі адбылося ўрачыстае закрыццё майстар-класа і ўручэнне дыпломаў, а 17 ліпеня ў вялікай зале адбыўся заключны Гала-канцэрт фіналістаў. Удзельнікамі майстар-класаў сталі 19 дырыжораў з розных краін свету. Сярод удзельнікаў былі 4 прадстаўнікі Беларусі, з іх два студэнты 5 курса, якія навучаюцца па спецыяльнасці «оперна-сімфанічнае дырыжыраванне», Юрый Караваеў і Уладзімір Авадок паспяхова прайшлі ўсе 5 тураў і сталі ўдзельнікамі заключнага гала-канцэрта.