
«Харавы саюз: Расія – Беларусь»
26 кастрычніка 2025 года ў Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных завяршыўся Другі канцэртны тур маштабнага праекта «Харавы саюз: Расія – Беларусь» 2025 года.
У Канцэпцыі праекта «Харавы саюз: Расія – Беларусь» адзначаецца, што «Найважнейшае значэнне ў захаванні і развіцці харавога мастацтва адыгрываюць вядучыя музычныя ВНУ саюзнай дзяржавы – Расійская акадэмія музыкі імя Гнесіных і Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі».
Па словах рэктара Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі кандыдата мастацтвазнаўства, дацэнта А.В.Куракінай «Гэты ўнікальны праект аб’ядноўвае духоўныя традыцыі, якія ляжаць у аснове нашай агульнай расійска-беларускай музычнай культуры. Ідэя сумеснага харавога спеву – заахвоціць чалавека праявіць лепшыя якасці сваёй душы, выказаць сваю любоў да музыкі, любоў да сваіх вытокаў, узбагаціцца духоўна і адчуць усю паўнату жыцця».
Першы канцэрт адбыўся ў Саратаўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя Л.В.Собінава (23 кастрычніка). Затым артысты выступілі ў Ніжагародскай дзяржаўнай кансерваторыі імя М.І.Глінкі, дзе да іх далучыўся Змешаны хор Ніжагародскай кансерваторыі (25 кастрычніка). Заключны канцэрт праекта з удзелам вялікага зводнага хору прайшоў у Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных. Разам з Гнесінскім ансамблем харавой музыкі «Altro Coro» (мастацкі кіраўнік і дырыжор – лаўрэат Прэміі ўрада РФ, прафесар Аляксандр Рыжынскі) і Студэнцкім хорам Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (мастацкі кіраўнік і дырыжор – лаўрэат міжнародных конкурсаў, дацэнт Інэса Бадзяка) на сцэну выйшаў Акадэмічны хор Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных (26 кастрычніка).
Галоўнай навіной другога канцэртнага тура сталі майстар-класы, якія прайшлі ў Саратаве і Ніжнім Ноўгарадзе пад кіраўніцтвам беларускіх і расійскіх дырыжораў: Сямёна Кліманава, Інэсы Бадзякі, Андрэя Саўрыцкага, Аляксандра Рыжынскага, Аляксандра Занорына, Івана Стольнікава і Дзяніса Марозава.
З 24 па 31 кастрычніка ў Ніжагародскай кансерваторыі ім. М.І.Глінкі праходзіць VI Усерасійскі адкрыты харавы фестываль імя Л.К.Сівухіна «Прынашэнне майстру» (да 90-годдзя з дня нараджэння). Творчыя мерапрыемствы харавога саюза, якія прайшлі 25 кастрычніка 2025 года ў Ніжнім Ноўгарадзе, былі арганізаваны пры падтрымцы Прэзідэнцкага фонду культурных ініцыятыў у рамках праекта «Цыкл адукацыйных праектаў “Харавы саюз: Расія – Беларусь”» і сталі неад’емнай часткай фестывалю. 25 кастрычніка прарэктар па навуковай рабоце Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт Н.В.Мацаберыдзэ прачытала адкрытую лекцыю «Новая харавая музыка: прачытанне беларускай нацыянальнай традыцыі ва ўмовах ХХІ стагоддзя».
«Я спадзяюся, што “Харавы саюз” працягне сваё існаванне, і хочацца верыць, што ён пройдзе яшчэ на больш высокім і маштабным узроўні» – адзначыў рэктар Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных Аляксандр Рыжынскі.




