8 мая 2026 года ў 12.00 на пасяджэнні Савета па абароне дысертацый ва ўстанове адукацыі “Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі” (г.Мінск, вул.П.Броўкі, 22, аўд. 304) адбудзецца публічная абарона дысертацыі Серафіновіч Рэнаты Іванаўны “Выканальніцкая інтэрпрэтацыя струнных квартэтаў М.Вайнберга” на суісканне вучонай ступені кандыдата мастацтвазнаўства па спецыяльнасці 17.00.02 – музычнае мастацтва. Навуковая работа выканана на кафедры гісторыі музыкі і музычнай беларусістыкі установы адукацыі “Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі”; навуковы кіраўнік – Двужыльная Інэса Фёдараўна (доктар мастацтвазнаўства, прафесар, прафесар кафедры музычнага мастацтва ўстановы адукацыі “Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы”). Афіцыйнымі апанентамі дысертацыі выступяць Казанцава Людміла Паўлаўна (доктар мастацтвазнаўства, прафесар, прафесар кафедры тэорыі і гісторыі музыкі Федэральнай дзяржаўнай бюджэтнай адукацыйнай установы вышэйшай адукацыі “Астраханская дзяржаўная кансерваторыя”); Капілаў Аляксандр Львовіч (кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт, рэктар Прыватнай установы адукацыі “Інстытут сучасных ведаў імя А.М.Шырокава”). Апануючая арганізацыя: Установа адукацыі “Беларускі дзяржаўны педагагічны універсітэт імя Максіма Танка”.
Актуальнасць тэмы даследавання заключаецца ў дэталёвым аналізе выканальніцкай інтэрпрэтацыі струнных квартэтаў Мечыслава Вайнберга (1919, Варшава – 1996, Масква), аднаго з самых вядомых, але да нядаўняга часу недастаткова вывучаных кампазітараў XX стагоддзя. Аўтар дысертацыі выяўляе 17 струнных квартэтаў М.Вайнберга як макрацыкл, які стаў на працягу амаль паўвекавога творчага шляху своеасаблівым музычным дзённікам, які захаваў яго творчую і жыццёвую траекторыю. Актуальнасць і навізна даследавання заключаецца ў аргументацыі існавання “твора выканаўцы” як выніку індывідуальнасці выканальніцкага чытання музыкантамі (струнным квартэтам) “твора кампазітара”; у распрацоўцы і ўкараненні аўтарскай методыкі аналізу выканання струннага квартэта па аўдыёзапісе; у трактоўцы музычна-выканальніцкай інтэрпрэтацыі як рухомага інварыянта з патэнцыялам пашырэння ўласнай прасторы, а варыятыўнасці – яго натуральнай уласцівасці.