- Белорусская государственная академия музыки -

https://bgam.by/be

-

Тэматычная выстава «ЮБІЛЯРЫ АКАДЭМІІ»: Уладзімір Іванавіч Тарашкевіч і Міхаіл Уладзіміравіч Жылюк

Бібліятэка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі працягвае серыю «Юбіляры Акадэміі» і прадстаўляе чарговую тэматычную выставу, прымеркаваную да юбілейных дат карыфеяў беларускага музычнага мастацтва, навукі і педагогікі: Тарашкевіча Уладзіміра Іванавіча (5.07.1948) і Жылюка Міхаіла Уладзіміравіча (27.10.1948).

 

Тарашкевіч Уладзімір Іванавіч – заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь (1994), дацэнт кафедры медных духавых і ўдарных інструментаў (валторна). Мае вучонае званне:  Дацэнт (2022). У 1973 годзе скончыў Дзяржаўны музычна-педагагічны інстытут імя Гнесіных. Працаваў у складзе групы валтарністаў сімфанічнага аркестра творчага аб’яднання “Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі”.

Выкладчыцкую дзейнасць Уладзімір Іванавіч пачаў у 1992 годзе на кафедры духавых і ўдарных інструментаў. За час працы ў Акадэміі музыкі ім падрыхтавана больш за 52 спецыялісты з вышэйшай адукацыяй і 9 магістрантаў. Сярод яго выхаванцаў – лаўрэаты шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. Пад яго кіраўніцтвам студэнты кафедры ўдзельнічаюць у розных тэматычных канцэртах, творчых праектах і фестывалях.

У цяперашні час У. I. Тарашкевіч вядзе актыўную педагагiчную, арганізацыйную і навуковую дзейнасць на кафедры. З’яўляецца сааўтарам публікацый навучальных праграм для духавых інструментаў, аўтарам зборніка лекцый для слухачоў курсаў павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі «Валторна: гісторыя інструмента і сучасная выканальніцкая практыка», зборніка перакладаў для валторны і фартэпіяна.

Мае ўзнагароды: Медаль «За працоўную доблесць», Ганаровы знак Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь («За значны асабісты ўклад у развіццё беларускай культуры»).

Міхаіл Аляксандравіч Жылюкзаслужаны артыст Рэспублікі Беларусь (1990), заслужаны артыст Украіны (2008), лаўрэат рэспубліканскіх і міжнародных вакальных конкурсаў, саліст Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь (1976-2011), дацэнт кафедры спеваў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

У 1974 годзе, пасля заканчэння Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі ім. П. І. Чайкоўскага, М. А. Жылюк стаў салістам Сочынскай дзяржаўнай філармоніі. З 1976 па 2011 год – саліст НАБТ оперы і балета Рэспублікі Беларусь.

Яркі артыстычны тэмперамент, высакародная вакальная манера, сцэнічная абаяльнасць і паслядоўная ўдумлівая праца над ролямі дазволілі М. А. Жылюку стварыць на сцэне шэраг шматгранных і запамінальных вобразаў. У оперным рэпертуары спевака больш за 40 партый. М. А. Жылюк гастраляваў у Аўстрыі, Венгрыі, Германіі, Індыі, Нідэрландах, Нарвегіі, Тайландзе, Чэхіі, Швецыі і іншых краінах свету, прадстаўляючы опернае мастацтва і беларускую культуру.

Педагагічную дзейнасць М. А. Жылюк распачаў у Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі ў 1988 годзе. Сярод яго шматлікіх вучняў саліст НАБТ оперы і балета Рэспублікі Беларусь, народны артыст Беларусі Уладзімір Громаў, саліст НАБТ оперы і балета Рэспублікі Беларусь Аляксандр Краснадубскі, саліст-вакаліст Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь ім. І. Жыновіча Ігар Задарожны. Многія яркія, таленавітыя выпускнікі і студэнты класа М. А. Жылюка з’яўляліся пераможцамі на Рэспубліканскіх і Міжнародных вакальных конкурсах і неаднаразова былі ўдастоены званняў лаўрэатаў і дыпламантаў.  На выставе экспануюцца выданні, якія прадстаўляюць галіну навуковых, педагагічных і творчых інтарэсаў  М. А. Жылюка і В.І. Тарашкевіча: энцыклапедыі, метадычныя распрацоўкі, навучальныя праграмы і дапаможнікі, перыядычныя выданні. Выставу дапаўняюць нотныя зборнікі, фотадакументы,  гуказапісы канцэртных выступленняў юбіляраў.

Калектыў бібліятэкі шчыра віншуе нашых паважаных юбіляраў і жадае моцнага здароўя, аптымізму, натхнення і далейшых поспехаў у навуковай, творчай і педагагічнай дзейнасці.

Выстава размяшчаецца ў фае Вялікай залы навучальнага корпуса № 1 (вул. Інтэрнацыянальная, 30) (гарызантальныя вітрыны) з 3 кастрычніка 2023 г. па 5 студзеня 2024 г.