- Белорусская государственная академия музыки -

https://bgam.by/be

-

Абарона дысертацыі

24 красавіка 2026 года ў 10.00 на пасяджэнні Савета па абароне дысертацый ва ўстанове адукацыі “Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі” (вул. Петруся Броўкі, 22, аўд. 304) адбудзецца публічная абарона дысертацыі Хуан Вэньцзін “Кампазітарская інтэрпрэтацыя будыйскіх архетыпаў у музычным авангардзе XX стагоддзя” (на рускай мове) на суісканне вучонай ступені кандыдата мастацтвазнаўства па спецыяльнасці 17.00.02 – музычнае мастацтва. Навуковая работа выканана ў аддзеле музычнага мастацтва і этнамузыкалогіі ДНУ “Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі” (навуковы кіраўнік – Мдзівані Таццяна Герасімаўна, доктар мастацтвазнаўства, прафесар, галоўны навуковы супрацоўнік аддзела музычнага мастацтва і этнамузыкалогіі ДНУ “Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”). Афіцыйнымі апанентамі дысертацыі выступяць Двужыльная Інэса Фёдараўна, доктар мастацтвазнаўства, прафесар, прафесар кафедры музычнага мастацтва ўстановы адукацыі “Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы”, Мацаберыдзе Нэлі Вячаславаўна, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт, прарэктар па навуковай рабоце ўстановы адукацыі “Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі”.

Дысертацыя прысвечана інтэрпрэтацыі будыйскіх архетыпаў прадстаўнікамі музычнага авангарду. Актуальнасць тэмы даследавання заключаецца 1) у адкрыцці невядомага пласта сусветнага музычнага мастацтва, якое адлюстроўвае частку кітайскай духоўнасці, менталітэту і свядомасці, звязаных з чань-будызмам; 2) у характарыстыцы будыйскіх архетыпаў – цішыні (бязмоўя, пустэчы, маўчання), медытатыўнасці (статычнасці), інкантацыі (вібруючага чытання-спеваў), мінімалістычнасці, выпадковасці (парадаксальнасці, казуальнасці), бясконцасці («адкрытых» формаў), мантры і інш. у непасрэднай сувязі з авангарднай музыкай; 3) у раскрыцці шляхоў імплементацыі найважнейшых будыйскіх архетыпаў у авангардную кампазітарскую творчасць на аснове прынцыпу аналогіі метадам інтэрпрэтацыі; 4) у пастуляванні чань-будызму як сродку семантычнага і стылявога ўзбагачэння заходняга музычнага авангарда; 5) у запаўненні прабелу ў ведах аб матывах эвалюцыі і шляхах развіцця сучаснай акадэмічнай музыкі. Разгляд інтэрпрэтацыі будыйскай музычна-стылявой парадыгматыкі ў кампазітарскай творчасці розных рэгіёнаў свету арганічна ўпісваецца ў больш шырокую навуковую праблему – праблему міжкультурнага дыялогу “Усход-Захад”. Вынікі даследавання апублікаваны ў 9 публікацыях аўтара.

Азнаямленне з Аўтарэфератам дысертацыі, які знаходзіцца ў бібліятэцы Акадэміі, прадаставіць інфармацыю аб мэце і задачах, навуковай навізне, навуковых і практычных выніках даследавання, асабістым укладзе суіскальніка вучонай ступені; дасць уяўленне аб структуры і змесце працы.