- Белорусская государственная академия музыки -

https://bgam.by/be

-

Сіманіс Артыс / Sīmanis Artis

Музыкант-выканаўца (саксафон), педагог, прафесар і рэктар (2007-2017) Латвійскай акадэміі музыкі імя Язэпа Вітола.

Ганаровы прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

Скончыў Ленінградскую дзяржаўную кансерваторыю імя М.А. Рымскага-Корсакава па класе саксафона прафесара Андрэя Бальшыянава (1986). У 1994 г. атрымаў дыплом саліста Дацкай Каралеўскай Музычнай Акадэміі па класе саксафона прафесара Ёргена Бове (1994), а ў 1995 годзе – ступень магістра Латвійскай акадэміі музыкі імя Я. Вітола.

У далейшым удасканальваў выканальніцкае майстэрства з Жанам-П’ерам Баральолі ў Нацыянальнай школе музыкі ў Парыжы, Крыстэрам Джонсанам у Каралеўскай акадэміі музыкі ў Стакгольме, Ёханэсам Эрнстам у Берлінскай вышэйшай школе музыкі, Іаганам ван дэр Ліндэнам ва Утрэхцкай школе мастацтваў у Галандыі.

А. Сіманіс – заснавальнік Рыжскага квартэта саксафаністаў (1992), а таксама мастацкі кіраўнік Міжнароднага фестывалю музыкі для саксафона «Saxophonia», які рэгулярна праходзіць з 1999 года. З 2007 па 2017 г. Артыс Сіманіс – рэктар Латвійскай акадэміі музыкі. У цяперашні час з’яўляецца прафесарам кафедры духавых інструментаў акадэміі, а таксама педагогам малодшых класаў Рыжскай музычнай сярэдняй школы імя Язэпа Медыньша.

А. Сіманіс выступаў са шматлікімі канцэртамі ў Нарвегіі, Швецыі, Даніі, Фінляндыі, Эстоніі, Расіі, Літве, Польшчы, Чэхіі, Аўстрыі, Германіі, Партугаліі, Канадзе, ЗША, Кітаі, Францыі, Харватыі, Славеніі, Ірландыі, Балгарыі, Румыніі, Італіі, Нідэрландах, Ізраілі, Арменіі, Казахстане, Македоніі, Босніі і Герцагавіне, Беларусі, Узбекістане і Індыі.

Музыкант мае велізарны выканальніцкі вопыт у самых розных жанрах. Ён выступаў з джазавым аркестрам Латвійскага радыё, у рок-н-рольнай групе Піта Андэрсана «Archives», як саліст і ансамбліст у Рыжскім квартэце саксафаністаў, супрацоўнічаў з Латвійскім нацыянальным сімфанічным аркестрам і Латвійскім філарманічным камерным аркестрам, з Дацкім квартэтам саксафаністаў, Сімфанічным аркестрам Маскоўскай філармоніі. Мае шматлікія фондавыя запісы ў архівах Латвійскага радыё.

З 2005 г. А. Сіманіс актыўна канцэртуе з арганісткай Крысцінай Адамайтэ. За гэты час яны выступілі з канцэртамі і майстар-класамі ў еўрапейскіх краінах, ЗША і Канадзе, а таксама запісалі чатыры кампакт-дыскі (Cantus Orationis; J.S. Bahs/ G. Pelēcis Ērģeļu mesas fragmenti ar saksofona pārdomām; Dāvida dziesmas Rīgas Domā; Līdzenuma balss). У 2012 годзе дыск «Dāvida dziesmas Rīgas Domā» быў адзначаны «Latvian Music Recording» як найлепшы акадэмічны музычны альбом года.

Узнагароды:

(Гл.: https://www.jvlma.lv/akademija/personals/artis-simanis)