• Перейти на главную
  • Карта сайта

Выставка «Носьбіт беларускіх традыцый» к 115-летию со дня рождения этномузыколога, заслуженного деятеля искусств БССР – Мухаринской Лидии Сауловны

Выставка «Носьбіт беларускіх традыцый» к 115-летию со дня рождения этномузыколога, заслуженного деятеля искусств БССР – Мухаринской Лидии Сауловны

У рамках ХХХ Міжнародных навуковых чытанняў памяці Л.С. Мухарынскай і Міжнароднага форума этнакультур Нотна-навуковая бібліятэка прапануе тэматычную выставу “Носьбіт беларускіх традыцый”: да 115–годдзя з дня нараджэння этнамузыколага, кандыдата мастацтвазнаўства, педагога і публіцыста, заслужанага дзеяча мастацтваў БССР – Мухарынскай Лідзіі Саулаўны (1906–1987).

Пасля выдатнага заканчэння Маскоўскай кансерваторыі ў 1939 г., Лідзія Саулаўна прыехала ў Мінск. Менавіта тут вызначыўся галоўны накірунак яе даследчай дзейнасці – вывучэнне фальклору. У фокусе навуковага інтарэсу маладога музыколага – беларускія песні барацьбы рознага часу: паўстанцкія і песні вольніцы XVI – XVII стст., сацыяльнага змагання на мяжы ХІХ—ХХ стагоддзя, абедзвюх рэвалюцый і грамадзянскай вайны ў Расіі, партызанскага руху перыяду Другой сусветнай вайны. Галоўнай мэтай Лідзіі Саулаўны стала высвятленне складаных шляхоў фарміравання народнага песеннага мастацтва, яго значэння ў адлюстраванні гісторыі, псіхалогіі і эстэтыкі народа.

У час вайны Лідзія Саулаўна ўступіла дабраахвотнікам у дзеючую армію ў якасці медсястры і прайшла ўсю вайну. Была ўзнагароджана медалямі і Ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені.

Лідзія Саулаўна Мухарынская прысвяціла сваё жыццё вывучэнню і папулярызацыі беларускага фальклору, развіццю беларускага музыказнаўства і станаўленню айчыннай этнамузыкалогіі. Яе даследаванні сталі «класікай» беларускага музыказнаўства. Лідзія Саулаўна не была так званым “кабінетным вучоным”. Фальклорныя экспедыцыі займалі істотонае месца ў яе навуковай дзейнасці. Многія удзельнікі экспедыцый нагадваюць з якой увагай Лідзія Саулаўна слухала кожнага выканаўца, потым з некаторымі вяла перапіску. Па ініцыятыве Лідзіі Саулаўны ў кансерваторыі быў створаны кабінет народнай музыкі, які акумулюе ў сабе запісы, сабраныя за шмат гадоў “палявой” дзейнасці. Як педагог яна больш за 40 гадоў працавала ў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. Усе беларускія кампазітары і музыказнаўцы, якія вучыліся ў кансерваторыі ў перыяд з 1939 па 1981 гг., у той ці іншай ступені — вучні Лідзіі Саулаўны.

Эрудыцыя, глыбокія веды кампазітарскай і вуснатрадыцыйнай музычнай культуры розных краін, лінгвістыкі, агульнай этнаграфіі, палеапсіхалогіі, філасофіі і эстэтыкі абумовілі асаблівую шырыню навуковай думкі Лідзіі Саулаўны. Яе аўтарытэт быў бясспрэчны. Лідзія Саулаўна выступала на ўсесаюзных і міжнародных кангрэсах, прымала ўдзел у якасці апанента абараняемых дысертацый.

На выставе прадстаўлены навуковыя работы і публікацыі Л. С. Мухарынскай розных гадоў, матэрыялы пра яе жыццё і дзейнасць, успаміны калег, вучняў і паслядоўнікаў. Выставу дапаўняюць фота- і аудыёдакументы.

Экспазіцыя размяшчаецца ў каб. 140 навучальнага корпуса № 1 (вул. Інтэрнацыянальная, 30) з 29 сакавіка па 20 красавіка 2021 г.

Фотогалерея

все фотографии