• Перейти на главную
  • Карта сайта

Выставка «Юбиляры Академии музыки» к юбилейным датам корифеев белорусского музыкального искусства

Выставка «Юбиляры Академии музыки» к юбилейным датам корифеев белорусского музыкального искусства

Нотна-навуковая бібліятэка прапануе тэматычную выставу "Юбіляры Акадэміі музыкі", прымеркаваную да юбілейных дат карыфеяў беларускага музычнага мастацтва, навукі і педагогікі: Галіны Канстанцінаўны Гарэлавай, Вадзіма Лявонцьевіча Яканюка, Наталлі Іванаўны Сцепанцовай, Таццяны Андрэеўны Цітовай, Ларысы Леанідаўны Дзядук, Мікалая Канстанцінавіча Літвіна, Леаніда Іванавіча Чарняка.

Таленавітыя, адданыя сваёй справе, яны прысвяцілі жыццё музыцы. Не адзін дзясятак гадоў гэтыя выдатныя педагогі працуюць у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, з вялікай адказнасцю выхоўваюць у студэнтаў прафесіяналізм, працавітасць, адданасць і любоў да абранай прафесіі.

Гарэлава Галіна Канстанцінаўна – кампазітар, педагог, прафесар, загадчык кафедры кампазіцыі, член Беларускага саюза кампазітараў. Прызнаны майстар сучаснай беларускай музыкі, яскравы прадстаўнік айчыннай музыкі апошняй чвэрці ХХ - пачатку ХХІ стагоддзя, Галіна Канстанцінаўна мае неаспрэчны аўтарытэт сярод музыкантаў. Многа гадоў плённа працуе ў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі – Акадэміі музыкі. Сярод яе выханацаў маладыя таленавітыя аўтары, лаўрэаты міжнародных конкурсаў, члены Беларускага саюза кампазітараў. Музыка Галіны Канстанцінаўны вылучаецца арыгінальнасцю выканальніцкіх саставаў, разнастайнасцю фарбаў лірычных вобразаў, шыратой эмацыянальнай палітры. Яе творы выконваюць і выдаюць у Беларусі, Расіі, Польшчы, Украіне, Германіі, Швейцарыі, Італіі, ЗША і іншых краінах. Дзейнасць Галіны Канстанцінаўны была не аднойчы адзначана разнастайнымі ўзнагародамі, сярод іх Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі, званне “Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь”, нагрудны знак Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь "За ўклад у развіццё культуры Беларусі", Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь (за кантату «Anno mundi ardentis»), спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне музыкі, Ганаровая грамата Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Дзядук Ларыса Леанідаўна – піяністка, педагог, канцэртмайстар, прафесар кафедры камернага ансамбля, дацэнт. Ажыццявіла мноства творчых праектаў у канцэртных залах Беларусі і іншых краінах, удзельнічала ў арганізацыі работы міжнароднага сімфанічнага аркестра, праводзіла майстар-класы для яго ўдзельнікаў, а таксама выступала на міжнародных і рэспубліканскіх навукова-практычных канферэнцыях. Ларыса Леанідаўна ўваходзіла ў склад журы міжнародных конкурсаў камернай музыкі ў Беларусі і за мяжой. Яна шмат гадоў прысвяціла працы ў Акадэміі музыкі. Сярод яе вучняў – лаўрэаты міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў. Выпускнікі Ларысы Леанідаўны працуюць у розных музычных установах нашай краіны. Дзядук Л. А. ўзнагароджана медалём «Ветэран працы», Ганаровымі граматамі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Беларускага Саюза музычных дзеячаў, Падзякамі рэктарата Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, Ганаровым знакам Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

Літвін Мікалай Канстанцінавіч – дацэнт кафедры аркестравага дырыжыравання і інструментоўкі. Больш за 40 гадоў працуе ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, выкладае інструментоўку, чытанне партытур, апрацоўку і кампазіцыю, чытае курс лекцый «Інструментазнаўства». Пяру Мікалая Канстанцінавіча належаць творы для сімфанічнага, камернага, духавога, народнага аркестраў, а таксама камерна-інструментальныя творы. Музыка Мікалая Канстанцінавіча ўваходзіць ў рэпертуар беларускіх музычных калектываў, гучыць у канцэртных праграмах, многія інструментальныя творы ўключаны ў педагагічны рэпертуар. Істотнае месца ў творчасці кампазітара займае песня. У 1982 г. за песню “Мое отечество” кампазітару было прысвоена званне Лаўрэата рэспубліканскага конкурcу. Мікалай Канстанцінавіч узнагароджаны Ганаровымі граматамі Саюза кампазітараў СССР, Цэнтральнага Камітэта Ўсесаюзнага Ленінскага камуністычнага саюза моладзі, Палітуправы Беларускай Ваеннай акругі, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Сцепанцова Наталля Іванаўна – старшы выкладчык кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін, філосаф, педагог. Скончыла Беларускую дзяржаўную кансерваторыю па класу фартэпіяна І. А. Цвятаевай, аспірантуру Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі па спецыяльнасці "Эстэтыка" пад кіраўніцтвам С. X. Рапапорта. У Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі выкладае больш за 40 гадоў, чытае курсы "Эстэтыка", "Філасофія музыкі", "Рэлігіязнаўства". Больш дзесяці гадоў узначальвала навукова-даследчую працу студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі. Узнагароджана Граматай Міністэрства вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі БССР, Ганаровай граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Цітова Таццяна Андрэеўна – загадчык кафедры тэорыі музыкі, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт. Скончыла Беларускую дзяржаўную кансерваторыю па спецыяльнасці музыказнаўства (клас Н. М. Юдзеніч), пазней аспірантуру пад кіраўніцтвам М. С. Скрабковай-Філатавай. Шмат гадоў плённа, з вялікай адказнасцю працуе на кафедры тэорыі музыкі (з 2016 г. – загадчык кафедры). Выкладае курсы "Гармонія", "Сальфеджыа", "Аналіз музычных твораў", "Музычна-тэарэтычныя сістэмы", "Методыка выкладання музычна-тэарэтычных дысцыплін. Таццяна Андрэеўна займаецца навуковай дзейнасцю, выступае з дакладамі на канференцыях, піша артыкулы для навуковых зборнікаў і часопісаў. Пад яе кіраўніцтвам абаранілі кандыдацкія дысертацыі А. В. Лісава, А. Д. Сушчэня, М. У. Несцерава. Таццяна Андрэеўна узнагароджана Ганаровымі граматамі Міністэрства культуры Рэспубликі Беларусь, Ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі і навукі. Мае Падзякі рэктара Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

Чарняк Леанід Іванавіч – дамрыст, прафесар кафедры струнных народных шчыпкова-ударных інструментаў, дацэнт. Леанід Іванавіч аказаў істотны ўплыў на развіццё музычнага выканальніцтва на домры ў Беларусі. Яго выпускнікі – многія з якіх лаўрэаты міжнародных конкурсаў – працягваюць традыцыі свайго настаўніка, выкладаюць у музычных школах і каледжах. Сярод творчых дасягненняў Леаніда Іванавіча дыплом I Рэспубліканскага конкурсу артыстаў эстрады, званне Лаўрэата міжнароднага конкурсу-фестывалю "Паўднёвы экспрэс". Выступаў з канцэртамі ў Беларусі і за мяжой. Узнагароджаны граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь "За плённую творчую, педагагічную і навукова-метадычную дзейнасць, поспехі ў падрыхтоўцы высокакваліфікаваных спецыялістаў для сферы культуры". Мае Падзяку Беларускага саюза музычных дзеячаў.

Яканюк Вадзім Лявонцьевіч – піяніст, педагог, музыказнаўца, кандыдат педагагічных навук, доктар педагагічных навук, прафесар, заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь. Доўгі час быў загадчыкам кафедры музычнай педагогікі, гісторыі і тэорыі выканальніцкага мастацтва. На пасадзе прарэктара па навуковай рабоце Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі заснаваў і ўзначаліў Савет па абароне дысертацый, уваходзіць у склад рэдакцыйнай калегіі навуковых часопісаў “Весці Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі”, “Веснік Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта”, серыі навуковых выданняў “Навуковыя працы Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі”. Вадзім Лявонцьевіч удзельнік шматлікіх міжнародных канферэнцый, аўтар навуковых даследаванняў па пытаннях музычнай адукацыі, псіхалогіі прафесійнай музычнай дзейнасці. Пад яго кіраўніцтвам быў абаронены шэраг кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый. Сярод выхаванцаў Вадзіма Лявонцьевіча кандыдаты і дактары навук, якія працуюць у Беларусі, Літве, Кітаі. Дзейнасць Вадзіма Лявонцьевіча была не аднойчы адзначана разнастайнымі ўзнагародамі, у тым ліку медалём Францыска Скарыны, Ганаровымі граматамі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. За шматгадовую плённую працу ўдастоены звання "Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”.

Калектыў Нотна-навуковай бібліятэкі шчыра віншуе шаноўных юбіляраў і жадае моцнага здароўя, аптымізму, натхнення і поспехаў у навуковай, творчай і педагагічнай дзейнасці!

На выставе прадстаўлены манаграфіі, дысертацыі, артыкулы з часопісаў, навуковых прац і зборнікаў, матэрыялы навукова-практычных канферэнцый, навукова-даследчыя працы, ноты твораў нашых юбіляраў. Выстава размяшчаецца ў фае Вялікай залы навучальнага корпуса № 1 (вул. Інтэрнацыянальная, 30) з 23 сакавіка па 14 верасня 2021 г.

Фотогалерея

все фотографии