• Перейти на главную
  • Карта сайта

Выстава "Кім Дзмітрыевіч Цесакоў: да 85-годдзя з дня нараджэння"

Выстава "Кім Дзмітрыевіч Цесакоў: да 85-годдзя з дня нараджэння"

Нотна-навуковая бібліятэка прапануе тэматычную выставу "Кім Дзмітрыевіч Цесакоў: да 85-годдзя з дня нараджэння".

Кім Дзмітрыевіч Цесакоў нарадзіўся 20 лютага 1936 г. у горадзе Чэрвені Мінскай вобласці. Пасля смерці бацькі пераязжджае ў Гомель. Там ён скончыў школу-сямігодку і музычнае вучылішча. У 1954 г. паступіў ў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю (клас кампазіцыі А. В. Багатырова). У 1956 г. з-за хваробы лёгкіх вымушаны змяніць клімат і пераeхаць ў Навасібірск. Там працягвае навучанне ў Навасібірскай дзяржаўнай кансерваторыі (клас кампазіцыі прафесара Г. Н. Іванова).

У 1966 г. К. Цесакоў вяртаецца ў Мінск, працуе ў Белдзяржкансерваторыіі і музычным вучылішчы. З 1972 г. на працягу 24 гадоў выкладае кампазіцыю ў сярэдняй спецыяльнай музычнай школе. З 1967 г. член Саюза кампазітараў БССР. За сваю дзейнасць кампазітар быў адзначаны шматлікімі ўзнагародамі. Сярод іх званне заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі (1998), званне лаўрэата Рэспубліканскай прэміі імя В. Віткі (2001), медаль Францыска Скарыны (2006).

Творчасць К. Цесакова ахоплівае амаль усе музычныя жанры і формы. Пяру кампазітара належыць цэлы шэраг вакальна-харавых твораў (6 араторый, 3 кантаты, асобныя хоры), рамансы, песні, творы для сімфанічнага аркестра (7 сімфоній, “Мінская сюіта”, канцэрты для салістаў з аркестрам, сімфанічныя паэмы), творы для аркестра народных інструментаў. Значнае месца ў творчай спадчыне К. Цесакова займае камерна-інструментальная музыка. Ён аўтар 10 квартэтаў, твораў для фартэпіяна і розных інструментальных ансамбляў. Кампазітар пісаў музыку да драматычных і лялькавых спектакляў, кінастужак. Для музычнага тэатра напісаў оперу “Рабінавая ноч” (лібр. В. Лукшы), таксама развіваў арыгінальны жанр радыёоперы ("Барвовы золак" (лібр. В. Лукшы), "Палын – трава горкая" (лібр. А. Вольскага)).

На выставе прадстаўлены выданні аб жыцці і творчасці камазітара (кнігі, манаграфіі, артыкулы з перыядычных выданняў, энцыклапедый, навуковых і навукова-папулярных выданняў, дыпломныя працы студэнтаў акадэміі), нотныя дакументы, ў тым ліку аўтарскія рукапісы К. Д. Цесакова.

Выстава размяшчаецца ў каб. № 140 навучальнага карпуса № 1 (вул. Інтэрнацыянальная, 30) з 15 лютага па 28 лютага 2021 г.

Фотогалерея

все фотографии