• Перейти на главную
  • Карта сайта

Выстава "Музыка праз усё жыццё…" да 135-годдзя з дня нараджэння кампазітара, заслужанага дзеяча мастацтваў БССР – А.Я.Туранкова

Выстава "Музыка праз усё жыццё…" да 135-годдзя з дня нараджэння кампазітара, заслужанага дзеяча мастацтваў БССР – А.Я.Туранкова

Нотна-навуковая бібліятэка прапануе тэматычную выставу "Музыка праз усё жыццё…", прымеркаваную да 135-годдзя з дня нараджэння кампазітара, заслужанага дзеяча мастацтваў БССР – Аляксея Яўлампавіча Туранкова (21.01.1886–27.09.1958).

А. Туранкоў нарадзіўся ў Пецярбургу ў сям'і дворніка і быў самым малодшым з дзевяці дзяцей. Застаўшыся без бацькі, хлопчык трапіў у прытулак для дзяцей-сірот, дзе былі адзначаны яго добрыя музычныя здольнасці. У 1901 г. А. Туранкова па рэкамендацыі адпраўляюць на трохгадовыя курсы Імператарскай прыдворнай пеўчай капэлы, дзе рыхтавалі кіраўнікоў царкоўных хораў. Там ён вывучаў гармонію, тэорыю і кантрапункт. У 1911 г. А. Туранкоў паступае на платнае аддзяленне Пецярбургскай кансерваторыі, але вымушаны быў пакінуць навучанне па прычыне цяжкага матэрыяльнага становішча. Талент будучага кампазітара быў заўважан дырэктарам Пецярбургскай кансерваторыі - А. Глазуновым і ён дапамагае А. Туранкову аднавіцца ў кансерваторыі па класу кампазіцыі з правам вучыцца бясплатна. Да рэвалюцыі кампазітар напісаў больш за 45 узораў царкоўнай музыкі. Духоўныя творы А. Туранкова ўвасобілі стылістыку "Новай Пецярбургскай школы", якая значна паўплывала на праваслаўную традыцыю беларускай музыкі.

Падчас Першай сусветнай вайны А. Туранкоў ваяваў у складзе рускага войска на тэрыторыі Беларусі, дзе і застаўся жыць у горадзе Гомелі. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. ён актыўна ўдзельнічае ў музычна-грамадскім жыцці горада: працуе скрыпачом гарадскога сімфанічнага аркестра, выкладае гармонію і тэорыю музыкі ў Гомельскім музычным тэхнікуме, узначальвае музычную секцыю губернскага аддзела народнай адукацыі, кіруе самадзейнымі харавымі калектывамі, вывучае беларускі фальклор, піша творы розных жанраў. Пасля рэвалюцыі кампазітар звяртаецца да жанру харавой масавай песні, адна з якіх "Сямён Будзёны" - стала надзвычай папулярнай.

У 1934 г. кампазітар пераязджае ў Мінск. У 1938 г. яго абіраюць дэпутатам Вярхоўнай Рады БССР. Галоўным творам А. Туранкова даваеннага перыяду з'яўляецца опера "Кветка шчасця", якая, была пастаўлена на Дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве (1940 г.). Пазней кампазітара ўзнагароджваюць ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга і прысвойваюць званне Заслужанага дзеяча мастацтваў БССР.

Падчас Айчыннай вайны А. Туранкоў не паспеў эвакуіравацца і застаўся ў Мінску. У 1944 г. ён быў арыштаваны і асуджаны па прыгаворы ваеннага трыбуналу войск НКУС беларускай акругі. З 1945 па 1954 гг. адбываў пакаранне ў г. Марыінску. У 1955 г., пасля вяртання ў Мінск А. Туранкоў стварыў цэлы шэраг твораў розных жанраў, аднак творчасць гэтага перыяду не ўвайшла ў выканальніцкую практыку і застаецца малазнаёмай. У кастрычніку 1959 г., праз год пасля смерці, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі быў рэабілітаваны судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР.

На выставе прадстаўлены навуковыя артыкулы, прысвечаныя біяграфіі і творчасці А. Туранкова, ноты і копіі аўтарскіх рукапісаў яго вакальных, інструментальных, сцэнічных і духоўных твораў. Экспазіцыя размяшчаецца ў каб. 140 вялікай залы вучэбнага корпуса № 1 (вул. Інтэрнацыянальная, 30) з 18 студзеня па 12 лютага 2021 года.

Фотагалерэя

все фотографии