• Перейти на главную
  • Карта сайта

Выстава «Кампазітар, педагог Пётр Пятровіч Падкавыраў» да 110-годдзя з дня нараджэння

Выстава «Кампазітар, педагог Пётр Пятровіч Падкавыраў» да 110-годдзя з дня нараджэння

Нотна-навуковая бібліятэка прапануе тэматычную выставу «Кампазітар, педагог Пётр Пятровіч Падкавыраў», прымеркаваную да 110-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай музыкі, члена Саюза кампазітараў БССР, дацэнта кафедры кампазіцыі Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, заслужанага дзеяча мастацтваў БССР П. П. Падкавырава (1910— 1977).

П. П. Падкавыраў нарадзіўся 16 кастрычніка 1910 г. у Чалябінску. Музыка захапляла будучага кампазітара з самых ранніх гадоў. Музычная адукацыя пачалася са спеваў у школьным хоры і заняткаў на скрыпцы ў касцёльнага арганіста. Пазней Падкавыраў паступіў у свярдлоўскі музычны тэхнікум на інструктарскае аддзяленне, дзе рыхтавалі будучых работнікаў клубаў. Падчас навучання стаў удзельнікам квінтэта домр, з якім выступаў з канцэртамі. Пазней, калі ў тэхнікум прыехаў прафесар кампазіцыі В. А. Залатароў, Падкавырава з некалькімі таленавітымі студэнтамі перавялі на кампазітарскае аддзяленне. У гэты час з’явіліся першыя творы Падкавырава – рамансы для голасу з фартэпіяна.

В. Залатарова запрасілі ў якасці прафесара кампазіцыі ў Мінск і ён прапанаваў сваім вучням працягваць навучанне ў Белдзяржкансерваторыі. Сярод тых, хто паехаў у Беларусь разам з настаўнікам быў і Пётр Падкавыраў. У 1933 г. ён стаў студэнтам Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, а ў 1935 г. прыняты ў Саюз кампазітараў БССР. У 1937 г. адбыўся першы выпуск маладых кампазітараў класа прафесара В. Залатарова. Гэта былі А. Багатыроў, М. Крошнэр, П. Падкавыраў і А. Папоў.

Нягледзячы на тое, што ў Беларусь кампазітар трапіў у дастаткова сталым ўзросце, ён быў уражаны прыгажосцю беларускага музычнага фальклору, ствараў апрацоўкі беларускіх народных песень і танцаў. Падкавыраў звяртаўся да творчасці айчынных паэтаў, пісаў рамансы і песні на словы Я. Купалы, М. Танка, П. Панчанкі, П. Глебкі, Я. Коласа, А. Астрэйкі, Э. Агняцвет. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Падкавыраў прасіўся на фронт, але яму было адмоўлена з-за дрэннага зроку і кампазітар быў адпраўлены ў эвакуацыю ў горад Майкоп. Пасля вяртання ў Мінск ваенная і пазней партызанская тэматыка сталі аднымі з галоўных у творчасці Падкавырава. Адным з найбольш яркіх твораў пасляваеннага часа стаў цыкл «Дваццаць чатыры прэлюдыі» для фартэпіяна, які прысвечаны першаму выканаўцу і сябру, беларускаму піяністу М. Бергеру. Таксама кампазітар пачынае працу над операй “Павел Карчагін”, першая рэдакцыя якой была страчана падчас вайны. У 1962 г. опера была запісана на Беларускім радыё, а ў 1967 яна ўпершыню ўбачыла святло рампы.

У Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі Падкавыраў выкладаў музычна-тэарэтычныя дысцыпліны, кампазіцыю. Выпускнікі яго класа – вядомыя беларускія кампазітары: В. Іваноў, А. Залётнеў, В. Карэтнікаў, Л. Мурашка.

П. Падкавыраў плённа працаваў у розных жанрах, але найбольш ярка творчая індывідуальнасць праявілася у сферы сімфанічнай і камерна-інструментальнай музыкі. Тры сімфоніі, канцэрты для скрыпкі з аркестрам, для віяланчэлі з аркестрам, фартэпіянны квінтэт, 5 струнных квартэтаў: санаты для фартэпіяна, 24 прэлюдыі, праграмныя п’есы – усё гэта невялікая частка той спадчыны, якую пакінуў нам адзін з першых класікаў беларускай савецкай музыкі.

На выставе прадстаўлены навуковыя выданні, манаграфіі, артыкулы беларускіх даследчыкаў, якія апісваюць жыццё і творчасць П. Падкавырава, нотныя выданні музычных твораў і аўтарскія рукапісы кампазітара, фотаздымкі з архіва акадэміі, аўдыавізуальныя дакументы.

Экспазіцыя размяшчаецца ў фае Вялікай залы вучэбнага корпуса № 1 (вул. Інтэрнацыянальная, 30) з 6 па 30 кастрычніка 2020 года.

Фотагалерэя

все фотографии