• Перейти на главную
  • Карта сайта

Выстава «Міхал Клеафас Агінскі — унікальная асоба еўрапейскай гісторыі і культуры» да 255-годдзя з дня нараджэння

Выстава «Міхал Клеафас Агінскі — унікальная асоба еўрапейскай гісторыі і культуры» да 255-годдзя з дня нараджэння

Нотна-навуковая бібліятэка прапануе тэматычную выставу «Міхал Клеафас Агінскі — унікальная асоба еўрапейскай гісторыі і культуры», прымеркаваную да 255-годдзя з дня нараджэння М.К Агінскага (25.09.1765-15.10.1833) — кампазітара, дыпламата, мецэната, палітыка. За сваё жыццё ён быў дэпутатам сейма ў Варшаве, удзельнікам паўстання Тадэвуша Касцюшкі, а пазней сенатарам Расійскай імперыі.

Міхал Клеафас Агінскі нарадзіўся ў Гузаве, што каля Варшавы. Музыкай ён пачаў захапляцца з самага юнацтва, а першыя навыкі ігры на скрыпцы і фартэпіяна атрымаў у маладога Восіпа Казлоўскага. Кампазітарскі талент Агінскага раскрыўся ў апошняе дзесяцігоддзе XVIII ст. У гэты перыяд ён піша шматлікія баявыя песні, маршы, паланэзы.

Творчасць Агінскага ўвасобіла асноўныя прынцыпы еўрапейскага класіцызму і тэндэнцыі перадрамантызму. У яго творах спалучаюцца дасканаласць класічнай формы і сродкаў музычнай выразнасці з увагай да ўнутранага свету чалавека і яго пачуццяў. Сёння вядома каля 60 фартэпіянных і вакальных твораў Агінскага, у тым ліку 26 паланэзаў, 4 маршы, 3 мазуркі, галоп і менуэт. Опера "Зэліс і Валькур, або Банапарт у Каіры" стала адзіным музычна-тэатральным творам Агінскага. Яна была створана на ўласнае лібрэта. У гэтай оперы паказны сучасныя аўтару гістарычныя падзеі і рэальная асоба таго часу — імператар Францыі Наполеон, з якім сам Агінскі асабіста сустракаўся.

Музыка для фартэпіяна з’яўляецца одной з яркіх старонак творчасці кампазітара. Вялікую славу атрымаў створаны ў 1794 г. знакаміты паланэз “Развітанне з Радзімай” (многім знаёмы, як “Паланэз Агінскага”). Гэты твор на працягу доўгага часу застаецца адным з самых вядомых у свеце, адной з яркіх інструментальных мелодый ў гісторыі музыкі.

На выставе прадстаўлены навуковыя, навукова-папулярныя і літаратурна-мастацкія выданні, якія апісваюць жыццё і творчасць Міхала Клеафаса Агінскага; манаграфіі, артыкулы вядомых беларускіх і замежных вучоных, у тым ліку работы В. Дадзіёмавай, С. Немагай — галоўных даследчыкаў творчасці кампазітара. Таксама прадстаўлены нотныя выданні музычных твораў М.К. Агінскага – паланэзы, вальсы, мазуркі, менуэты, п'есы для фартэпіяна, рамансы і інш. Выставу дапаўняюць аўдыавізуальныя дакументы.

Экспазіцыя размяшчаецца ў фае вялікай залы вучэбнага корпуса № 1 (вул. Інтэрнацыянальная, 30) з 25 верасня па 13 лістапада 2020 года.

Фотагалерэя

все фотографии