• Перейти на главную
  • Карта сайта

Выстава «Даследчык гісторыі беларускай музыкі» да 65-годдзя прафесара В.У.Дадзіёмавай

Выстава «Даследчык гісторыі беларускай музыкі» да 65-годдзя прафесара В.У.Дадзіёмавай

Нотна-навуковая бібліятэка прадстаўляе тэматычную выставу «Даследчык гісторыі беларускай музыкі», прымеркаваную да 65-годдзя яркага прадстаўніка беларускага музычнага мастацтва, доктара мастацтвазнаўства, прафесара Вольгі Уладзіміраўны Дадзіёмавай (05.08.1955).

Дадзіёмава Вольга Уладзіміраўна — музыказнаўца, доктар мастацтвазнаўства, прафесар, акадэмік Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублiкi Беларусь. Нарадзілася ў 1955 г. у Гомелі ў сям'і беларускага пісьменніка Уладзіміра Дадзіёмава і выкладчыка, філолага-беларусіста Марыі Дадзіёмавай. Скончыла сярэднюю спецыяльную музычную школу пры Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі ў 1973 г., пазней фартэпіяннае аддзяленне Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі па класе Т. Г. Валадзько. Далей Вольга Уладзіміраўна праходзіла навучанне ў аспірантуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы АН БССР пад кіраўніцтвам І. Д. Назінай. З 1993 г. яна пачала працаваць ў кансерваторыі на кафедры беларускай музыкі, з 2005 па 2017 гг. стала загадчыкам кафедры.

Вольга Уладзіміраўна ўнесла важкі ўклад у беларускую навуку. Даследчыца ажыццявіла сапраўды тытанічную працу. Вольга Уладзіміраўна стварыла усёахопную панараму развіцця музычнай культуры Беларусі да XX стагоддзя. Увесь час ёй давялося пераадольваць інэртны, прывіты яшчэ ад савецкай ідэалогіі погляд, што на Беларусі да савецкага часу прафесійнага музычнага мастацтва амаль не існавала. У выніку яе доўгай і плённай працы ў праграмах беларускіх музычных вышэйшых і сярэдніх навучальных установах з’явіўся курс “Гісторыя музычнай культуры Беларусі да ХХ стагоддзя”, заснаваны на ўласных навуковых распрацоўках Вольгі Уладзіміраўны. Дзякуючы яе намаганням мноства выканаўцаў, даследчыкаў і слухачоў змаглі ўпершыню пазнаёміцца з многімі ўзорамі беларускай музыкі, створанай до ХХ стагоддзя. Вольга Уладзіміраўна займалася вяртаннем на Беларусь з замежных архіваў музычных помнікаў і іншых гісторыка-культурных матэрыялаў: знайшла сотні музычных твораў, невядомых беларускім слухачам, выканаўцам і музыказнаўцам, якія пазней ўвайшлі ў рэпертуар вядучых творчых калектываў краіны і вядомых беларускіх выканаўцаў.

Адметнае месца, сярод адкрытых В. Дадзіёмавай беларускіх музычных помнікаў займаюць оперы Я. Д. Голанда. Твор «Агатка, або Прыезд пана» на лібрэта М. Радзівіла прынята лічыць одной з першых опер, створаных на Беларусі. Намаганнямі В. Дадзіёмавай, В. Скарабагатава і Г. Каржанеўскай пры садзейнічанні Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і творчага калектыву “Беларуская Капэла” з’явілася першае выданне клавіра оперы. Пазней на Беларускім радыё з удзелам асноўных салістаў быў створаны запіс “Агаткі”. Акрамя таго В. Дадзіёмавай была знойдзена партытура оперы “Чужое багацце нікому не служыць”, якая была пастаўлена Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатрам оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Пастаноўка оперы атрымала ў 2010 годзе Спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Вольга Уладзіміраўна валодае сур'ёзным аўтарытэтам у беларускай навуковай супольнасці, доўгі час была членам і старшынёй Савета Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі па абароне дысертацый, а таксама членам экспертнай камісіі Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы. Пад яе кіраўніцтвам адбылася абарона дысертацый кандыдатаў мастацтвазнаўства С. Немагай, У. Лябецкага, В. Басалыгі, В. Царык, Н. Капыцько. Т. Трафімчук.

Рознабаковы навуковец, асветнік, метадыст, выкладчык, Вольга Уладзіміраўна праявіла сябе ў розных галінах. Яна выступала з дакладамі на міжнародных навуковых канферэнцыях у Беларусі і за мяжой, стала рэдактарам нотных выданняў і зборнікаў навуковых артыкулаў, аўтарам канцэпцый і вядучай канцэртаў, стварыла дзясяткі аўтарскіх тэле- і радыёперадач, склала фонахрэстаматыі беларускай музыкі. Навуковая дзейнасць В. Дадзіёмавай знайшла адлюстраванне ў шматлікіх публікацыях, у іх ліку 5 манаграфій, 10 навучальных дапаможнікаў і хрэстаматый, 7 нотных выданняў, 4 навучальныя праграмы, 4 фонахрэстаматыі і больш за 300 артыкулаў, надрукаваных у Беларусі, Расіі, Літве, Польшчы.

Вольга Уладзіміраўна – неверагодная асоба, яна валодае адметнай прыцягальнасцю, здольнасцю кансалідаваць вакол сябе энтузіястаў, натхняць і накіроўваць. Педантычнасць, дакладнасць і строгі навуковы падыход у характары Вольгі Уладзіміраўны спалучаюцца з нязменнай зычлівасцю і душэўнай цеплынёй.

Дзейнасць Вольгі Уладзіміраўны неаднойчы была адзначана дзяржаўнымі ўзнагародамі: званне Лаўрэата Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне крытыкі і мастацтвазнаўства, Грамата Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Грамата Міжнароднай арганізацыі ЮНЭСКА, Грамата Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Медаль Францыска Скарыны, Ганаровая Грамата Міністэрствы культуры Рэспублікі Беларусь, Ганаровая Грамата Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. У 2017 годзе яна была адзначана Падзякай Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь, таксама стала пераможцам Рэспубліканскага конкурсу «Чалавек года» ў сферы культуры.

Калектыў Нотна-навуковай бібліятэкі шчыра віншуе Вольгу Уладзіміраўну і жадае здароўя, творчага натхнення, добрага настрою і новых навуковых прац!

На выставе прадстаўлены манаграфіі, вучэбныя праграмы, артыкулы ў навуковых зборніках і часопісах, фонахрэстаматыі, нотныя выданні, аўтарэфераты дысертацый, абароненых пад навуковым кіраўніцтвам В. Дадзіёмавай. Выставу дапаўняюць выяўленчыя дакументы. Экспазіцыя размяшчаецца ў фае вялікай залы вучэбнага корпуса № 1 (вул. Інтэрнацыянальная, 30) з 31 ліпеня па 21 верасня 2020 года.

Фотагалерэя

все фотографии