• Перейти на главную
  • Карта сайта

Выстава «Юбіляры Акадэміі»: ліпень - лістапад

Выстава «Юбіляры Акадэміі»: ліпень - лістапад

Нотна-навуковая бібліятэка прадстаўляе тэматычную выставу «Юбіляры Акадэміі», прымеркаваную да юбілейных дат карыфеяў беларускага музычнага мастацтва, навукі і педагогікі: Сергіенка Раісы Іванаўны (10 ліпеня), Аўраменка Ніны Васільеўны (30 верасня) і Шымановіч Ларысы Андрэеўны (30 лістапада).

Сергіенка Раіса Іванаўна – доктар мастацтвазнаўства, дацэнт, прафесар. Скончыла аддзяленне музыказнаўства Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі ў 1968 г. (клас дацэнта В. І. Елатава), пазней аспірантуру пад кіраўніцтвам прафесара Маскоўскай кансерваторыі М. Е. Тараканава (1974). З пачатку 1967 г. працуе ў Акадэміі музыкі, выкладае розныя курсы, сярод якіх: «Аналіз музычных твораў», «Тэарэтычныя праблемы музыкі ХХ стагоддзя».

Раіса Іванаўна – глыбокі аналітык, крапатлівы і прынцыповы даследчык з сур’ёзным навуковым аўтарытэтам. Яна спецыялізуецца ў галіне музыкі ХХ стагоддзя і ўнесла значны ўклад у працэс асэнсавання мастацкіх тэндэнцый сучаснай музыкі. Істотная частка навуковых прац Сергіенка Р. І. звязана з даследаваннем беларускай музыкі, у тым ліку авангарднай.

Раіса Іванаўна – аўтар і ўдзельнік радыё і тэлеперадач, выступала з дакладамі на шматлікіх навукова-тэарэтычных і практычных канферэнцыях, сімпозіумах. З'яўляецца аўтарам артыкулаў у энцыклапедыях і прадмоў да нотных і кніжных выданняў. Сергіенка Р. І. унесла істотны ўклад у развіццё айчыннага тэарэтычнага музыказнаўства, яе навуковую школу працягваюць кандыдаты мастацтвазнаўства В. Клакоцкая, Н. Бычкова, Л. Лузько.

Сергіенка Раіса Іванаўна з 1996 г. з'яўляецца членам Савета па абароне дысертацый Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, з 2004 г. – Савета па абароне дысертацый Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, таксама яна ўваходзіць у склад рэдкалегіі і рэдсаветаў навуковых зборнікаў. Сярод узнагарод Сергіенка Р. І. - ганаровыя граматы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, нагрудны знак Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Аўраменка Ніна Васільеўна – флейтыстка, педагог. Скончыла Беларускую дзяржаўную кансерваторыю па класу флейты выкладчыка В. В. Харытонава ў 1967 г. З 1981 г. пачала выкладаць на кафедры драўляных духавых інструментаў у Белдзяржкансерваторыі. Ніна Васільеўна – арганізатар і нязменны мастацкі кіраўнік ансамбля флейтыстаў «Сірынкс». Яна сабрала пад сваё крыло і натхніла мноства маладых таленавітых выканаўцаў – студэнтаў і выпускнікоў Акадэміі музыкі. У рэпертуары ансамбля творы кампазітараў розных краін і эпох, у тым ліку беларускіх аўтараў: В. Кузняцова, Г. Ермачэнкава, В. Каральчука, А. Літвіноўскага. Ансамбль «Сірынкс» - лаўрэат міжнароднага конкурсу выканаўцаў камернай музыкі ў Хмяльніцкім, дыпламант музычнага фестывалю «Залаты Грыфон» у Сімферопалі, удзельнік шматлікіх міжнародных фестывалях і выступаў з гастролямі ў Беларусі і за мяжой. Сярод выхаванцаў Ніны Васільеўны — лаўрэаты конкурсаў: С. Картэс, Л. Бенедыктовіч, В. Дрыгіна, С. Рабулец, Л. Ласоцкая. За плённую дзейнасць узнагароджана Ганаровым знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, нагрудным знакам «Выдатнік народнай асветы БССР».

Шымановіч Ларыса Андрэеўна – дырыжор-хормайстар, педагог. Скончыла Адэскую дзяржаўную кансерваторыю ў 1959 г. па класе харавога дырыжыравання К. К. Пiгрова. У 1966 г. пачала працаваць у Белдзяржкансерваторыі, удасканальвала сваё майстэрства ў асістэнтуры-стажыроўцы пад кіраўніцтвам прафесара В. У. Роўды. Ларыса Андрэеўна -выкладчык дысцыплін на кафедры харавога дырыжыравання, чытае курсы лекцый «Замежная харавая літаратура», «Методыка выкладання харавых дысцыплін». Акрамя педагагічнай працы займаецца навуковай дзейнасцю: з’яўляецца аўтарам метадычных рэкамендацый і дапаможнікаў для дырыжораў, кіраўнікоў харавых калектываў і педагогаў, а таксама праграмы па дысцыпліне «Харавое дырыжыраванне» для ВНУ. Ларыса Андрэеўна займала пасаду дырыжора-хормайстара Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы Рэспублікі Беларусь імя Р. Р. Шырмы. Пазней стала мастацкім кіраўніком Народнай харавой капэлы Палаца культуры прафсаюзаў, якая пад яе кіраўніцтвам атрымала шматлікія граматы і дыпломы. У 1992 г. хор стаў лаўрэатам XI Міжнароднага фестывалю ў Гайнаўцы (Польшча). Харавыя калектывы, якімі кіравала Ларыса Андрэеўна, выступалі ў Беларусі і за мяжой з праграмамі, у якія уваходзілі творы розных стыляў і жанраў.

Педагагічныя і дырыжорскія традыцыі Шымановіч Ларысы Андрэеўны працягваюць яе шматлікія выхаванцы, што працуюць у сярэдніх спецыяльных навучальных установах нашай краіны. Сярод яе выпускнікоў: кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт В. Чарняк, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь У. Курылін; лаўрэат міжнародных конкурсаў, рэгент хору царквы «Всех скорбящих радость» і мастацкі кіраўнік хору «Салютарыс» В. Янум, лаўрэат міжнародных конкурсаў, саліст Вялікага тэатра оперы і балета І. Сільчукоў; дырыжоры І. Касцяхін і А. Іваноў, хормайстар тэатра оперы і балета С. Аграновіч; хормайстар Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра К. Ліпай; хормайстар музычнай капэлы «Санорус» І. Рыбчынскі, старшыня Мінскай гарадской метадычнай секцыі па харавых дысцыплінах, мастацкі кіраўнік і дырыжор канцэртнага хору Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа ім. М.І. Глінкі А. Снітко.

За сваю шматгадовую і плённую дзейнасць Ларыса Андрэеўна ўзнагароджана знакам Пашаны Міністэрства культуры СССР, ганаровымі граматамі Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, дыпломам I ступені Вялікага тэатра Саюза СССР «За актыўны ўдзел у прапагандзе айчыннай класікі» і нагрудным знакам «За ўклад у развіццё культуры Беларусі».

Калектыў Нотна-навуковай бібліятэкі шчыра віншуе паважаных юбіляраў і жадае ім моцнага здароўя, творчага натхнення, поспехаў і новых прафесійных дасягненняў!

На выставе прадстаўлены манаграфіі, метадычныя распрацоўкі, вучэбныя праграмы, артыкулы ў зборніках і часопісах, якія прадстаўляюць сферу навуковых інтарэсаў Сергіенка Р. І., Аўраменка Н. В. і Шымановіч Л. А, і магістарскія дысертацыі напісаныя пад іх навуковым кіраўніцтвам. Выставу дапаўняюць фото і выяўленчыя дакументы. Экспазіцыя размяшчаецца ў каб. № 140 вучэбнага корпуса № 1 (вул. Інтэрнацыянальная, 30) з 11 ліпеня па 28 верасня 2020 года.

Фотагалерэя

все фотографии